Печать
Категория: Праздники и знаменательные даты

Сусветны дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў адзначаецца з 1997 года. Ініцыятыва яго святкавання належыць расійскаму Цэнтру аховы дзікай прыроды і Сусветнага фонду дзікай прыроды.

11 студзеня 1917 года быў створаны першы ў свеце дзяржаўны запаведнік – Баргузінскі. Яго заснавалі на Байкале ў Расіі з мэтай захавання баргузінскага собаля і іншых жывёл.

Пры арганізацыі першых запаведнікаў у пачатку ХХ стагоддзя былі закладзены фундаментальныя прынцыпы, якія і цяпер ляжаць у аснове паняцця «запаведнік»: запаведнікі павінны стварацца навечна, быць навукова-даследчымі ўстановамі і мець агульнадзяржаўнае значэнне. Запаведнікі ствараліся ў якасці эталонаў прыроды. Галоўным іх прынцыпам прызнаваўся прынцып неўмяшання людзей у прыроду.

Нацыянальныя паркі, іншая катэгорыя асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ), упершыню з’явіліся ў ЗША ў канцы XIX стагоддзя. На тэрыторыі Савецкага Саюза яны атрымалі распаўсюджванне толькі ў другой палове ХХ стагоддзя.

У 1986 годзе Баргузінскі запаведнік атрымаў статус біясфернага, ён быў уключаны ў міжнародную сетку біясферных рэзерватаў. Сёння гэты запаведнік з’яўляецца часткай аб’екта Сусветнай прыроднай спадчыны «Возера Байкал» разам з астатнімі запаведнікамі і нацыянальнымі паркамі, якія ўваходзяць у «запаведныя каралі» (Баргузінскі, Байкальскі, Байкала-Ленскі запаведнікі, Забайкальскі нацыянальны парк).

У Беларусі першы запаведнік – Бярэзінскі – быў створаны ў 1925 годзе для захавання баброў, якія апынуліся на мяжы знікнення, і іншых відаў жывёл. Першым нацыянальным паркам Беларусі стала ў 1991 годзе Белавежская пушча шляхам рэарганізацыі аднайменнай запаведна-паляўнічай гаспадаркі.

У цяперашні час у Беларусі існуе 1 запаведнік, Бярэзінскі біясферны, і 4 нацыянальных парка: Белавежская пушча, Прыпяцкі, Браслаўскія азёры, Нарачанскі. Іх плошча складае 2,3 % плошчы Беларусі. Плошча запаведных участкаў, на якіх цалкам забаронена гаспадарчая дзейнасць, у цяперашні час не дасягае і 1 % тэрыторыі нашай рэспублікі.

НІА