23 жніўня 2022 года ў Мінску адбыўся фінал Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», у якім прынялі ўдзел 16 юных артыстаў з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі нашай краіны. Конкурсныя выступленні праходзілі адначасова з запісам тэлевізійнай праграмы ў святле яркіх сафітаў здымачнага павільёна тэлеканала СТВ («Сталічнае тэлебачанне»).

Ацэньвала выступленні фіналістаў рэспубліканскае журы, у склад якога ўвайшлі: Уладзімір Уладзіміравіч Андрыевіч – начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры Беларусі; Аляксандр Мікалаевіч Бадак – беларускі пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», член саюза пісьменнікаў Беларусі; Аксана Юр'еўна Кніжнікава – генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі; Ірына Пятроўна Пярэдня – дырэктар дырэкцыі спецыяльных праектаў ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне»; Надзея Іванаўна Коршунава – мастацкі кіраўнік установы адукацыі «Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; Наталля Яўгенаўна Рачкоўская – актрыса, рэжысёр, кіраўнік узорнага тэатра юнацкай творчасці Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Нягледзячы на тое, што ўсе фіналісты не раз дэманстравалі чытальнае майстэрства на сцэнах сваіх устаноў адукацыі, прайшлі праз строгі адбор раённых, абласных этапаў конкурсу і паўфінал, усе яны вельмі хваляваліся, бо дзякуючы ім радкі вядомых беларускіх пісьменнікаў прагучаць на ўсю нашу краіну. Разам з юнакамі хваляваліся іх педагогі і бацькі. У павільёне, дзе хлопцы і дзяўчаты рыхтаваліся да выступлення, панавала атмасфера добразычлівасці і кожнага канкурсанта сустракалі авацыямі і словамі падтрымкі і адабрэння.

Членам журы выпала складаная задача, бо кожны з канкурсантаў быў яркі, непаўторны і пераканаўчы. Часам пераможцу ад прызёра аддзялялі 1 ці 2 балы. Члены журы абвясцілі вынікі і шчыра падзякавалі ўсім удзельнікам за іх любоў да роднага слова, шчырасць і артыстызм, і кожнаму ўручылі кнігі ад выдавецкага дома «Мастацкая літаратура».

Са спісам пераможцаў i прызёраў Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка 2022» можна азнаёміцца тут.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсу, якім будуць уручаны дыпломы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь I, II, III ступені, сертыфікаты на аздараўленне ў НДААЦ «Зубраня», а таксама памятныя падарункі, адбудзецца ў Добрушы ў рамках мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства. У гэты ж дзень Тэлеканал СТВ пакажа праграму, у якую ўвойдуць візітоўкі ўдзельнікаў конкурсу і іх конкурсныя выступленні.

 

Крыніца: сайт Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі