24 мая 2018 года ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі пройдзе абласны этап Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме». Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Сёлета конкурс праходзіць пад дэвізам «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!» і прысвечаны Году малой радзімы.

Асноўнымі мэтамі мерапрыемства з’яўляюцца павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы чытання, пошук і падтрымка таленавітай моладзі.

Абласному этапу конкурсу папярэднічалі раённыя адборачныя туры, у якіх прынялі ўдзел больш за 1500 школьнікаў Міншчыны. Гэтая актыўнасць – сведчанне таго, што вучні не толькі цікавяцца беларускай літаратурай, але і шануюць сваю спадчыну.

Плануецца, што ў складзе журы абласнога этапу будуць працаваць члены Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» – паэткі Святлана Быкава і Бажэна Ганушкіна; празаік, дзіцячы пісьменнік Сяргей Клімковіч; вядучы фотакарэспандэнт газеты «Звязда», паэт Яўген Пясецкі; а таксама аўтар навукова-папулярных і энцыклапедычных выданняў Дзмітрый Кашавар; супрацоўнікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Лепшыя юныя чытальнікі прадставяць Міншчыну на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме», які адбудзецца падчас святкавання Дня беларускага пісьменства на Брэстчыне.

 

ПРАГРАМА
абласнога конкурсу «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме»

11:00 – 11:30 – Урачыстае адкрыццё

11:30 – 13:00 – Конкурснае праслухоўванне (па ўзроставых катэгорыях)

15:00 – 15:30 – Урачыстае закрыццё конкурсу

 

Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі