У 2017 годзе дзве ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі адзначаць 400-гадовы юбілей. Гэта ДУА «Барунскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа» Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці і ДУА «Гімназія № 1 г. Слуцка» Мінскай вобласці.

У мястэчку Баруны манахі-базыльяне ў 1617 годзе адкрылі пачатковую школу для манахаў і святароў. Цягам свайго існавання яна давала то свецкую, то толькі духоўную адукацыю, але карысталася заслужанай папулярнасцю сярод жыхароў Ашмянскага і суседніх паветаў. У ХІХ стагоддзі лік навучэнцаў быў каля 200 чалавек моладзі ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў. Выкладалі ў школе не толькі Святое пісанне, але і розныя мовы (лацінскую, французскую, нямецкую, рускую), красамоўства, гісторыю, арыфметыку, матэматыку, фізіку, батаніку, права, эканоміку. Нямала выпускнікоў сталі вядомымі людзьмі. Гэта, напрыклад, Антоній Вырвіч – прафесар матэматыкі Віленскага ўніверсітэта, Антоній Камінскі – аўтар навуковых прац па асновах геаграфіі і матэматыкі, Ігнацій Ходзька, Антон Эдвард Адынец, Юліян Корсак – вядомыя пісьменнікі і грамадскія дзеячы ХІХ стагоддзя. У 20-я гады ХХ стагоддзя ў Барунах працавала Беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў Сымон Рак-Міхайлоўскі (дарэчы, аўтар музыкі знакамітай «Зоркі Венеры», напісанай на словы Максіма Багдановіча). Да 1980 года Барунская школа размяшчалася ў двухпавярховым манастырскім корпусе, пабудаваным у канцы XVIII стагоддзя. Зараз яе будынак – гэта два карпусы, пад дахам якіх знаходзяцца дзіцячы сад і сярэдняя школа, дзе навучаюцца каля паўтары сотні дзяцей.

У 1617 годзе таксама з’явілася школа і ў Слуцку. У гэты год Януш VI Радзівіл падпісаў грамату аб заснаванні тут кальвінісцкай школы. У 1630 годзе князь Хрыстафор Радзівіл рэарганізаваў яе ў гімназію, якую сучаснікі называлі «Слуцкімі Афінамі» і «ўзорнай Слуцкай гімназіяй». Навучэнцамі ўстановы маглі стаць усе здольныя падлеткі, незалежна ад веравызнання і сацыяльнага паходжання. Вывучаліся польская, лацінская, грэчаская і нямецкая мовы, а таксама этыка, рыторыка, гісторыя, матэматыка і заканадаўства. Выкладчыкі не толькі выкарыстоўвалі лепшыя методыкі свайго часу, але і самі стваралі падручнікі. Так, педагог Рэйнгальд Адам напісаў дапаможнік па рыторыцы, які пазней стаў шырока папулярным (вядома, што па ім вучыўся і Міхаіл Ламаносаў).

Славу Слуцкай гімназіі складаюць і яе знакамітыя выпускнікі. Гэта вядомыя не толькі ў свой час грамадскія дзеячы, навукоўцы, пісьменнікі. Напрыклад, асветнік, пісьменнік, перакладчык, выдавец Ілья Капіевіч, філосаф і паэт часоў барока Ян Белабоцкі, першы архібіскуп Магілёўскі, член Расійскай акадэміі Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, прафесар, дырэктар Маскоўскай абсерваторыі Вітольд Цераскі, заснавальнік айчыннага акушэрства Эдуард-Антон Красоўскі, беларускі пісьменнік і перакладчык Альгерд Абуховіч, доктар тэхнічных навук, лаўрэат Ленінскай прэміі, Герой Сацыялістычнай працы Сямён Косберг і многія іншыя.

Да нашых дзён захаваўся стары каменны будынак гімназіі, пабудаваны ў стылі класіцызм у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Зараз гэта адно з двух памяшканняў ДУА «Гімназія № 1 г. Слуцка».

НІА