18 студзеня 2017 г. у Нацыянальным інстытуце адукацыі ў рамках Года навукі адбылося ўрачыстае пасяджэнне вучонага савета, прысвечанае юбілею Таццяны Лаўрэнцьеўны Ляшчынскай, вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі спецыяльнай адукацыі навукова-даследчага цэнтра, кандыдата педагагічных навук, дацэнта.

Т.Л. Ляшчынская працуе ў сістэме адукацыі з 1954 г. і з’яўляецца адным з першых дэфектолагаў Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя У.І. Леніна працавала інспектарам Міністэрства асветы БССР, а з 1964 г. – асістэнтам, выкладчыкам, дацэнтам, загадчыкам кафедры, дэканам, прафесарам дэфекталагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. У Нацыянальным інстытуце адукацыі працуе з 1992 г.

У 1992 г. Таццяна Лаўрэнцьеўна, узначаліўшы аддзяленне дэфекталогіі НІА, стала кіраўніком навуковых даследаванняў па стварэнні нацыянальнай сістэмы спецыяльный адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Пад яе кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле ўпершыню ў 1992 г. была распрацавана і зацверджана Міністэрствам адукацыі Канцэпцыя навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з недахопамі ў разумовым і фізічным развіцці, якая стала асноўным нарматыўным дакументам для стварэння новага зместу навучання дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў спецыяльных адукацыйных установах. Ідэі Канцэпцыі сталі вызначальнымі для падрыхтоўкі нацыянальных падручнікаў па ўсіх прадметах навучальнага плана.

У 1995 г. пад навуковым кіраўніцтвам Т.Л. Ляшчынскай распрацоўваецца «Часовае палажэнне аб інтэграваным навучанні» – дакумент, які ўлічвае сусветныя тэндэнцыі сумеснага навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці і звычайных дзяцей.

Т.Л. Ляшчынская арганізавала і ўзначаліла дзейнасць створанага ў 2000 г. Цэнтра спецыяльнай адукацыі НІА.

На працягу 2000–2003 гг. Т.Л. Ляшчынская кіравала распрацоўкай Канцэпцыі і Праграмы рэфармавання спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, а ў 2003 г. пад яе кіраўніцтвам былі распрацаваны канцэптуальныя асновы «Закона аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (спецыяльнай адукацыі)», што стаў тэарэтычнай базай для падрыхтоўкі адпаведнага заканадаўчага акта, які быў прыняты Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь.

Пад кіраўніцтвам Т.Л. Ляшчынскай паспяхова абаронена 5 кандыдацкіх дысертацый. Па яе ініцыятыве пры Нацыянальным інстытуце адукацыі ў 2003 г. адкрыты савет па абароне дысертацый па спецыяльнасці 13.00.03 – карэкцыйная педагогіка.

Т.Л. Ляшчынская – аўтар (суаўтар) звыш 300 навуковых і навукова-метадычных прац, сярод якіх манаграфіі, падручнікі, вучэбныя праграмы, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, артыкулы.

Т.Л. Ляшчынская з’яўлялася галоўным рэдактарам часопіса «Дэфекталогія» (цяпер – «Спецыяльная адукацыя») і сёння актыўна прапагандуе прагрэсіўныя тэхналогіі і перадавы педагагічны вопыт у галіне карэкцыйнай педагогікі.

З 2006 г. Т.Л. Ляшчынская працуе вядучым навуковым супрацоўнікам лабараторыі спецыяльнай школьнай адукацыі. Т.Л. Ляшчынская ажыццяўляе навукова-даследчую дзейнасць па распрацоўцы і ўдасканаленні найноўшых тэхналогій спецыяльнай адукацыі, актыўна ўдзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях, семінарах. Яе падыход да працы вызначаецца прынцыповасцю, патрабавальнасцю да сябе, прафесіяналізмам, навуковай кампетэнтнасцю, творчасцю, ініцыятывай. Сумленная, сціплая, добразычлівая, яна карыстаецца высокім аўтарытэтам і заслужанай павагай сярод супрацоўнікаў інстытута, Міністэрства адукацыі, вучоных і педагогаў-практыкаў.

За бездакорную працу ў галіне адукацыі і актыўны ўдзел у грамадскай рабоце Таццяна Лаўрэнцьеўна ўзнагароджана значкамі «Выдатнік народнай асветы», «Выдатнік асветы СССР», Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш.

Адкрываючы ўрачыстае пасяджэнне вучонага савета Нацыянальнага інстытута адукацыі, Таццяну Лаўрэнцьеўну павіншаваў з днём нараджэння дырэктар інстытута, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Аляксандравіч Важнік, які ўручыў юбілярцы Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

З віншавальнымі словамі на вучоным савеце выступілі галоўны спецыяліст аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларуь Алена Алейзаўна Муліца; намеснік дырэктара інстытута па навукова-даследчай рабоце, доктар педагагічных навук, дацэнт Людміла Андрэеўна Худзенка; начальнік навукова-даследчага цэнтра, доктар педагагічных навук, дацэнт Васіль Фёдаравіч Русецкі; старшыня савета К02.23.01 па спецыяльнасці 13.00.03 – карэкцыйная педагогіка, доктар педагагічных навук, прафесар Мікалай Георгіевіч Яленскі; намеснік дырэктара інстытута па навукова-метадычнай рабоце, кандыдат педагагічных навук Валянціна Васільеўна Гінчук; намеснік дырэктара інстытута па рэдакцыйна-выдавецкай рабоце Святлана Сцяпанаўна Вашкевіч; начальнік адукацыйнага цэнтра, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ірына Леанідаўна Шаўлякова-Барзенка.

Шмат цёплых, шчырых слоў прагучала на адрас Таццяны Лаўрэнцьеўны ад калег: галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі праблем выхавання асобы, доктара філасофскіх навук, прафесара Вадзіма Аляксеевіча Салеева; загадчыка сектара псіхалогіі развіццёвай адукацыі, доктара псіхалагічных навук, прафесара Таццяны Мітрафанаўны Савельевай; вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі спецыяльнай адукацыі, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Таццяны Віктараўны Лісоўскай; метадыста вышэйшай катэгорыі аддзела метадычнага забеспячэння спецыяльнай адукацыі Валянціны Іосіфаўны Аляшкевіч і інш.

Навуковыя супрацоўнікі лабараторыі спецыяльнай адукацыі на чале з загадчыкам лабараторыі, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Ілонай Уладзіміраўнай Кавалец падрыхтавалі для Таццяны Лаўрэнцьеўны літаратурна-музычнае віншаванне, а малодшы навуковы супрацоўнік сектара псіхалогіі развіццёвай адукацыі Барыс Уладзіміравіч Патапаў выступіў з харэаграфічным эцюдам.

Павіншаваць Таццяну Лаўрэнцьеўну з юбілеем прыйшлі супрацоўнікі ўстаноў адукацыі, у якіх укараняюцца яе навуковыя ідэі: Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ (дырэктар інстытута, доктар педагагічных навук, дацэнт Вера Валер’еўна Хітрук; загадчык кафедры лагапедыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Іна Мікалаеўна Логінава; дацэнт кафедры тыфлапедагогікі, кандыдат педагагічных навук Святлана Яўгенаўна Гайдукевіч); Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (дацэнт кафедры дэфекталогіі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ігар Станіслававіч Зайцаў; настаўнік-дэфектолаг Іна Ярафееўна Левіна); Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі (прарэктар па навукова-метадычнай рабоце, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аксана Уладзіміраўна Талкачова; начальнік цэнтра вучэбна-метадычнай работы з кадрамі адукацыі Людміла Анатольеўна Сакалова); Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова (дацэнт кафедры спецыяльных псіхолага-педагагічных дысцыплін, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Віктараўна Дзем’янёнак); цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі (выконваючы абавязкі дырэктара Мінскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Наталля Анатольеўна Чайкоўская; метадыст цэнтра Юлія Канстанцінаўна Шарук), а таксама супрацоўнікі выдавецтва «Народная асвета» (дырэктар выдавецтва Вікторыя Віктараўна Калістратава; галоўны рэдактар Алена Уладзіміраўна Літвіновіч); аспіранты, члены навуковай школы Т.Л. Ляшчынскай (настаяцель Увядзенскага прыхода г. Мінска святар Георгій Аляксандравіч Лапухоў; выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання «Беларускі камітэт Спешыял Алімпікс» Ларыса Віктараўна Таболіна) і іншыя.

Удзячныя сябры, калегі і вучні жадаюць Таццяне Лаўрэнцьеўне Ляшчынскай моцнага здароўя, аптымізму, новых навуковых дасягненняў, адкрыццяў, радасці, удачы!

 

Фатаграфіі з юбілею вучонага-педагога Таццяны Лаўрэнцьеўны Ляшчынскай можна паглядзець у віртуальным фотаальбоме «Юбілей Таццяны Лаўрэнцьеўны Ляшчынскай».

 

НІА