Печать
Категория: Международные, республиканские, региональные выставки, ярмарки и др. мероприятия

15 ліпеня 2021 года адбудзецца афіцыйнае адкрыццё ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». На працягу ўсіх гадоў існавання гэты форум мае на мэце аб’яднанне творчых сіл блізкіх па культуры краін і садзейнічанне дыялогу паміж рознымі народамі. Дэвіз фестывалю – «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення».

Гісторыя форуму пачынаецца 18 ліпеня 1992 года, калі па ініцыятыве Беларусі, Расіі і Украіны ў Віцебску быў наладжаны першы «Славянскі базар», цэнтральнай падзеяй якога стаў Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў папулярнай песні. У той год на фестывальных сцэнах выступілі артысты не толькі з краін-арганізатараў, але і з Польшчы, Грузіі, ЗША, Канады і Аўстраліі. Сёлета ж сярод удзельнікаў – прадстаўнікі 33 дзяржаў свету, у тым ліку каля пяці тысяч артыстаў.

З 1993 года «Славянскі базар» з’яўляецца членам Міжнароднай федэрацыі арганізатараў фестываляў. У 2002 і 2004 гадах ён прызнаваўся «Фестывалем года» за бездакорную якасць арганізацыі, прафесіяналізм і майстэрства выканаўцаў, за папулярызацыю высокіх гуманістычных ідэй на міжнароднай арэне.

Сёлета арганізатары «Славянскага базару» прапануюць гледачам праграму на любы густ. На час фестывалю запланавана 14 займальных прэс-канферэнцый з зоркамі, лаўрэатамі спецыяльнай прэміі, артыстамі і ўдзельнікамі форуму. Таксама ў праграму ўключаны: канцэрт Саюзнай дзяржавы «Душа народа – песня», XIX Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск–2021», XXX Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск–2021 „Сусветны хіт“» у суправаджэнні балета Алы Духавай Todes, IV Міжнародны фестываль барабаншчыкаў і мажарэтак, VII Фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», «Горад майстроў», цырымонія ўзнагароджання і гала-канцэрт і, вядома ж, урачыстае закрыццё XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Дадатковыя мерапрыемствы форуму пройдуць таксама 14 і 19 ліпеня.

З праграмай фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» можна пазнаёміцца тут.

 

НІА