З 5 па 12 ліпеня 2019 года ў Спецыялізаваным ліцэі пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь пад Гомелем праходзіў XVII Міжнародны злёт юных выратавальнікаў-пажарных.

Гасцінная Гомельшчына сустракала каманды Беларусі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Германіі, Грузіі, Кыргызстана, Латвіі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Узбекістана, Украіны. Кожная нацыянальная каманда ўключала 10 удзельнікаў ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў. Усяго больш за 150 дзяцей і дарослых – удзельнікаў і кіраўнікоў каманд – прымалі гаспадары. Рэспубліку Беларусь прадстаўляла моладзь Магілёўшчыны – зборная, якая перамагла ў ХХІ Рэспубліканскім злёце юных выратавальнікаў. Ганаровым госцем на злёце стаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол ААЭ ў Беларусі Ахмед Мангуш Аль Тэнейджы.

Мэта мерапрыемства – пошук новых і цікавых форм работы з маладымі людзьмі ў навучанні навыкам выратавання ў надзвычайных сітуацыях, устанаўленне доўгатэрміновых партнёрскіх адносін паміж дзяржавамі, грамадскімі і міжнароднымі структурамі ў названай сферы, патрыятычнае і маральнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Усіх чакала насычаная праграма: сем конкурсаў, сярод якіх «Візітная картка», «Пажарная эстафета», Newspaper — Billboard, «Аказанне першай дапамогі», «Спартландыя» і іншыя, а таксама майстар-класы па асновах бяспекі жыццядзейнасці, культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, экскурсіі, дыскатэкі, вогнішчы дружбы...

Удзельнікі міжнароднага свята адзначылі вельмі высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства, і кожны адкрыў для сябе нешта новае.

Пераможцай XVII Міжнароднага злёта юных выратавальнікаў-пажарных стала беларуская каманда, другое месца заняла літоўская каманда, трэцяе – азербайджанская.

У наступным годзе Беларусь зноў будзе чакаць сваіх сяброў з іншых краін ужо на васямнаццатым злёце.

 

НІА
па матэрыялах сайта https://mchs.gov.by/glavnoe/268571/