Стварэнне сучасных нацыянальных падручнікаў для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь асэнсоўваецца як комплексная праблема, дзе ўласна педагагічны складнік самым цесным чынам звязаны з сацыякультурнымі аспектамі вырашэння згаданай праблемы. У апошнія гады якасць школьных падручнікаў з’яўляецца прадметам самай пільнай увагі. Ключавыя ідэі – у прыватнасці, якім павінен быць іх змест і функцыянальная эфектыўнасць (прыдатнасць для вырашэння задач сучаснага адукацыйнага працэсу) – абмяркоўваюцца на самых розных узроўнях грамадства: прадстаўнікамі вышэйшых органаў дзяржаўнага кіравання, парламентарыямі, журналістамі, бацькамі, вучнямі і, вядома, навуковай супольнасцю і педагогамі-практыкамі.

18 мая 2017 года прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Праблемы сучаснага падручніка», якая штогод ладзіцца Інстытутам педагогікі Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук Украіны (г. Кіеў).

Прадстаўнічы міжнародны форум праводзіцца з 2000 года з мэтай асвятлення і апрабацыі вынікаў навуковых даследаванняў, прысвечаных разнастайным тэарэтычным аспектам праектавання і стварэння школьных падручнікаў, а таксама дзеля прадстаўлення практычнага вопыту рэалізацыі вынікаў навуковай дзейнасці. На плянарным пасяджэнні з дакладам пра падыходы і прынцыпы распрацоўкі беларускіх падручнікаў новага пакалення выступіў дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Аляксандравіч Важнік. Акрамя таго, у межах працы аднаго з круглых сталоў начальнік Адукацыйнага цэнтра інстытута, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ірына Леанідаўна Шаўлякова-Барзенка прадставіла вопыт Рэспублікі Беларусь у галіне праектавання і распрацоўкі сучаснага падручніка як структураўтваральнага кампанента інавацыйнага вучэбна-метадычнага комплекса.

Канферэнцыя праводзілася ў межах святкавання Дня ўкраінскай навукі. Таму надзвычай сімвалічным стала падпісанне трохбаковага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Навукова-метадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Інстытутам педагогікі НАПН Украіны і Хучжоўскім універсітэтам (КНР, г. Хучжоў).

 

 

Нацыянальны інстытут адукацыі