Печать
Категория: Культура

У гісторыі беларускай літаратуры і нацыянальна-вызваленчага руху пачатку ХХ стагоддзя імя Алаізы Пашкевіч, найбольш вядомай як Цётка, займае пачэснае месца. Пісьменніца, публіцыстка, грамадскі дзеяч, даследчыца народнага тэатра і фальклору, настаўніца і сястра міласэрнасці, яна самаахвярна жыла за карысць людзей і роднага краю.

Нарадзілася Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч 3 (15 па новым стылі) ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын (зараз Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Пасля заканчэння Віленскага прыватнага сямікласнага вучылішча В. Прозаравай працавала вясковай настаўніцай, затым працягнула вучобу ў Пецярбургу, дзе экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі і была слухачкай вышэйшых адукацыйных курсаў П. Лесгафта. Аднак з-за стану здароўя не змагла завяршыць навучанне і вярнулася ў Вільню. Тут Цётка ўладкоўваецца на працу фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы і актыўна ўключаецца ў грамадска-палітычнае жыццё, прапагандуючы ідэі сацыяльна-нацыянальнага вызвалення, прымаючы ў тым ліку ўдзел у выданні першай беларускай газеты «Наша доля».

Асцерагаючыся праследу паліцыі з-за палітычных поглядаў, у 1905 годзе Алаіза Пашкевіч пакідае межы Расійскай імперыі. Падчас эміграцыі жыве ў Галіцыі і Кракаве, становіцца вольнай слухачкай Львоўскага і Ягелонскага ўніверсітэтаў. Акрамя вучэбных заняткаў, Цётка шмат часу праводзіць у бібліятэках, вывучаючы беларускі фальклор і гісторыю роднай зямлі. Яна марыць наладзіць выданне папулярных кніг для сваіх землякоў-беларусаў. Аднак з-за хваробы на сухоты многае з задуманага не атрымалася ажыццявіць.

У 1911 годзе Алаіза Сцяпанаўна выходзіць замуж за літоўскага інжынера Сцяпонаса Кайрыса. Змена прозвішча дае магчымасць вярнуцца на радзіму і зноў уключыцца ў грамадскую i літаратурную дзейнасць.

Свае літаратурныя творы Алаіза Пашкевіч падпісвала не толькі як Цётка, але і як Мацей Крапіўка, Гаўрыла з-пад Полацка, Тымчасовы і іншымі псеўданімамі. Яе пяру належаць два паэтычныя зборнікі – «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (былі надрукаваны ў 1906 годзе), прасякнутыя адраджэнскімі і змагарскімі матывамі і пафасам. А такія вершы, як «Мора», «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам», нават распаўсюджваліся сярод рэвалюцыйна настроеных мас як лістоўкі. Значнае месца ў творчай спадчыне пісьменніцы займаюць апавяданні (напрыклад, «Зялёнка», «Прысяга над крывавымі разорамі», «Міхаська»), падарожныя нарысы («3 дарогі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю»), публіцыстычныя артыкулы («Шануйце роднае слова!», «Як нам вучыцца», «Аб душы маладзёжы» і інш.)

Стаяла Цётка і каля вытокаў нацыянальнай пачатковай адукацыі. Яна –  аўтарка першых беларускіх падручнікаў «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», «Першае чытанне для дзетак беларусаў» і «Гасцінец для малых дзяцей». У 1914 годзе Алаіза Пашкевіч рэдагавала літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс «Лучынка». Гэтае выданне адрасавалася беларускай моладзі і прапагандавала ідэі асветы на роднай мове, самаадукацыі, духоўнага і нацыянальна-патрыятычнага выхавання. Шмат намаганняў прыкладала пісьменніца для арганізацыі настаўніцкіх курсаў і беларускіх школ.

Падчас Першай сусветнай вайны Алаіза Сцяпанаўна дапамагала ў стварэнні прытулкаў для бежанцаў, працавала сястрой міласэрнасці. Даглядаючы цяжкахворых, сама не ўбераглася ад тыфу і памерла 5 лютага 1916 года. Пахавана пісьменніца ў вёсцы Стары Двор каля Ліды.

Цётка – яскравы ўзор жанчыны дзеяння, патрыёткі і альтруісткі. Уся яе грамадска-творчая дзейнасць была прасякнута апантанай любоўю да Бацькаўшчыны і імкненнем выснаваць шчаслівы лёс для беларусаў.

 

НІА