Штогод 5 чэрвеня ўшаноўваецца памяць Ефрасінні Полацкай, Нябеснай заступніцы Беларусі, самай вядомай беларускай святой.

Ефрасіння Полацкая (каля 1101 г. – 23 ці 25.5.1167 г.) – полацкая князёўна, ігумення, асветніца – займае асабліва пачэснае месца ў нашай старажытнай гісторыі. Яна стала першай жанчынай, кананізаванай Рускай праваслаўнай царквой у 1547 годзе, прылічанай да ліку святых у 1893 годзе.

Паходзіла Прадслава (так называлі асветніцу ў дзяцінстве) са знакамітага роду полацкіх князёў. Яе дзедам быў легендарны князь Усяслаў Чарадзей, а прабабкай – князёўна Рагнеда. Здольная і прагная да вучэння дзяўчынка, яна пры княжацкім двары свайго бацькі Святаслава-Георгія атрымала добрую адукацыю. Слава пра прыгожую і разумную нявесту клікала ў Полацк сватоў. Аднак маладая князёўна адмовілася ад дынастычнага шлюбу і, насуперак волі бацькоў, тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Ефрасінні, каб аддаць жыццё служэнню Богу і свайму народу.

Пасялілася Ефрасіння ў келлі Сафійскага сабора ў Полацку, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала і перакладала кнігі, вяла актыўную асветніцкую і міратворчую дзейнасць. На ўласныя сродкі яна пабудавала дзве царквы і заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы і культуры на Полацкіх землях. Пры іх дзейнічалі школы, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, іканапісная майстэрня. Па заказу прападобнай ігуменні Ефрасінні ювелір Лазар Богша зрабіў крыж, які пазней стаў галоўнай нацыянальнай рэліквіяй беларусаў і атрымаў назву Крыж Ефрасінні Полацкай. Гэты шэдэўр мастацтва быў выраблены  з кіпарысу, абкладзены залатымі і срэбнымі пласцінкамі з каштоўнымі камянямі, эмалевымі выявамі святых і надпісамі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны гэтая святыня бясследна знікла, і да гэтага часу яе месцазнаходжанне невядома. Аднак у 1997 годзе брэсцкі майстар-ювелір Мікалай Кузьміч зрабіў дакладную копію крыжа, які цяпер захоўваецца ў Полацку.

Сёння Ефрасіння Полацкая – сімвал духоўнага служэння сваёй Радзіме, узор адданасці справе і крыніца маральнай сілы і натхнення.

НIА