Міні-музей на вуліцы Камсамольскай у Мінску арганізоўваюць ужо адзінаццаты год запар. На гэты раз экспазіцыя прадстаўляе работы вядомага беларускага мастака Міхаіла Савіцкага і яго вучняў.

У гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння М. Савіцкага. Мастак прайшоў некалькі канцлагераў і цудам застаўся жывы. Аднак значная частка работ творцы прысвечана не толькі трагедыі Вялікай Айчыннай вайны і перажытаму ім асабіста падчас вайны, але і мірнаму аднаўленню.

Амаль 30 гадоў свайго жыцця М. Савіцкі прысвяціў педагагічнай дзейнасці. У творчых акадэмічных майстэрнях мастакі атрымлівалі паслядыпломную адукацыю, ім выдавалі фарбы, палотны і нават зарплату. Кожны праходзіў сур’ёзны конкурсны адбор, каб мець магчымасць вучыцца ў Міхаіла Савіцкага. На вул. Камсамольскай прадстаўлены таксама работы яго вучняў.

Бясплатна наведаць выставу «Мастак і горад» можа любы ахвотны да 30 верасня 2022 года. Аб’ёмныя кубы з рэпрадукцыямі, якія ствараюць эфект прысутнасці ў музейнай зале, размешчаны ля помніка Гарадскому гадзінніку.

НІА
па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц