Печать
Категория: Культура

Штогод 21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. Свята гэта было ўведзена ЮНЕСКА ў 1999 годзе дзеля таго, каб «надаць новы імпульс і новае прызнанне нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным паэтычным рухам».

Самымі старажытнымі ў свеце ўзорамі паэзіі лічацца вершы-гімны, напісаныя ў XXIII стагоддзі да н. э. жрыцай Эн-хеду-ана – дачкой акадскага цара Саргона. Вытокі ж беларускага паэтычнага слова ў вуснай народнай творчасці – у архаічных замовах і песнях.

Паэзія – гэта адзін з асноўных тыпаў мастацтва слова, эмацыянальна-вобразная вершаваная творчасць, якой уласцівы шырокае ўжыванне адмысловых слоўных вобразаў, настроенасць на яркія, прыгожыя, гарманічна выказаныя пачуцці і думкі. Але ў кожнага творцы свой вобраз пекнай панны Паэзіі і свае стасункі з ёй.

***

Леанід Галубовіч

«Паэзія»

Ты – боль, паэзія. Ты – быль.
Твае суровыя законы
He для забаў, не для гульбы –
А пошук ісціны да скону.

Ты – рай, паэзія. Ты – рой
Адвечных дум, дзе мы згараем.
I толькі геніі парой
Жылі часова гэтым раем.

Ты – жаль, паэзія. Ты – жар.
Я па тваім хаджу вуголлі.
Чыя не прагнула душа
Твайго зняволення і волі?

Ты – сум, паэзія. Ты – суд
I мрояў нашых, і здзяйсненняў.
Хай душы шчырыя нясуць
Высокі лад тваіх памкненняў!

Ты – яд, паэзія. Ты – сад
З адзіным яблыкам спакусным.
Над ім – каторы год падрад! –
Мае збалела смягнуць вусны…

Ты – боль, паэзія. Ты – бой.
Ты – праўды непрыступнай вежа.
Я – праведнік і грэшнік твой,
Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..

***

Пімен Панчанка

«Паэзія»

Паэзія – гэта пакута і радасць,
Праклён і бязлітаснасць, споведзь і гордасць,
Вогненны сцяг над барыкадай,
Цішыня травы і рыканне горада;

Гэта вар’яцтва і гэта мудрасць,
Розум і ачышчэнне;
Плаванне ў рэках бурлівых і мутных

I зоркі далёкай свячэнне;
Гэта чаканне каханай дзяўчыны
Сцюжы і здрадзе наперакор;

Гэта душы найвышэйшая шчыльнасць
I задыханне, разрэджанасць гор;
Гэта трывога за касманаўта
I ручаіны жаночых рук;

Чыстая, з самага донца праўда,
Сэрца дзіцячага здзіўлены стук;
Гэта ныранне ў прасторы марскія,
Гэта палёты ў заўтрашні век.

Гэта здабыткі і мары людскія,
Крыўды і страты твае, чалавек;
Цень трапяткі ад абеліска
Каля дарогі пад чорнай сасной;

Матчыны вочы над першай калыскай,
Матчыны вочы над першай труной;
Вера у шчасце, з няпраўдай змаганне,
Чорнае неба і сонца ў расе;

Гэта спрадвечныя нашы пытанні,
Гэта адказы, ды толькі не ўсе…
Вось і блукай апантаны па лесе,
Як і твой прадзед калісьці блукаў…

Каб жа я знаў, што такое паэзія,
Гэтыя б вершы не напісаў.

***

Яўгенія Янішчыц

«Прыгаршчы святла»

У паэтэс лірычнае адзенне,
Яно ў радках з заранак і аблог.
Ды колькі раз падманвалі падзеі
I адступаўся памагаты Бог.

Нібы ў часы раскосага Батыя,
На сэрцы словы пікай упадуць.
Ярлык прыклеяць самыя святыя
I грэшныя – упасці не дадуць.

Дзе час былы з паводкай весялосці,
Дзе шчыры поціск вернае рукі?
Саманаіў расстайнай маладосці
Агнём на сэрцы выпіша радкі.

I змые час дурных здзіўленняў пену,
I пачуццё абвугліцца датла.
…Паэзія, – яна не знае тлену,
Калі ў душы хоць прыгаршчы святла.

 

***

Максім Танк

«Паэзія»

Я ведаў, што ты – бліскавіца,
Што хмары рассекла;
Я ведаў, што ты – вызваленне
Зь няволі і пекла,
Вясновая кветка,
Што камень прабіла магільны,
Разьведчыка след
На дарозе крамністай і пыльнай;
Я ведаў, што ты – пацалунак,
Ты – дружба і радасьць,
Ты – чорствага хлеба скарынка
I сок вінаграда.
А ты аказалася большым:
Ты – кроў, што пульсуе па жылах,
Ты – сонца, якое
Прасторы святлом азарыла,
І без чаго, як бяз маці
Або без радзімы,
Ні нараджацца, ні жыць
На зямлі немагчыма!

***

Папярэднія выпускі «Паэтычнай старонкі»:

1. «Свяці, кахання чыстая зара!»

2. «Жанчына – Сусвет сусветаў»

Вядучая «Паэтычнай старонкі»
Інга Пінголь,
метадыст І катэгорыі
ўпраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг НІА