Печать
Категория: Культура

19 сакавіка 2020 года споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Івана Аляксандравіча Кірэйчыка. Усё напісанае творцам прасякнута публіцыстычным пафасам, шчырасцю пачуццяў, невычэрпнай дабрынёй, гонарам за сваю Бацькаўшчыну, якую ён любіў усім сэрцам, як маці.

Нарадзіўся будучы пісьменнік у невялікай вёсачцы Гута Ганцавіцкага раёна. Бацька Івана па-геройску загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Маці выхоўвала адна траіх дзяцей у галодныя і халодныя пасляваенныя гады. Нягледзячы на гэта, Іван скончыў сярэднюю школу, працаваў у калгасе, потым прызваўся на Балтыйскі флот, дзе праслужыў у якасці матроса чатыры гады. Тут, на флоце, ён і паспрабаваў свае сілы ў вершаскладанні. Першыя вершы былі надрукаваны ў флоцкай газеце «Страж Балтии», потым у калектыўным зборніку «Песня, рожденная морем».

Пасля дэмабілізацыі ў 1958 годзе Іван Аляксандравіч быў залічаны на пасаду літсупрацоўніка ў Ганцавіцкую раённую газету «Сялянская праўда». Адначасова з работай у раёнцы I. Кірэйчык завочна вучыўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Вучоба і праца садзейнічалі хуткаму творчаму росту будучага пісьменніка. Пачынаючы з 1963 года, Іван Кірэйчык працуе ўласным карэспандэнтам Беларускага радыё і газеты «Чырвоная змена» па Брэсцкай вобласці, а пасля пераезду ў Гомель – у абласной газеце «Гомельская праўда» і на студыі тэлебачання. Тут па-сапраўднаму раскрыўся яго літаратурны талент.

Адзін за другім, у 1966, 1968, 1970-м гадах, выходзяць зборнікі нарысаў і апавяданняў Івана Кірэйчыка «Багацце душы – людзям», «Пялёсткавы бераг», «Каласам хіліцца долу», пазней, у 1984 годзе, – «Калінавая квецень».

І. А. Кірэйчык зарэкамендаваў сябе ў літаратурных колах не толькі як выдатны нарысіст і празаік, але і адораны паэт. У 1977 годзе ён выдаў зборнік паэзіі «Аснова», а ў 1994-м яшчэ адзін – «З маіх крыніц». Акрамя таго, яго вершаваныя і празаічныя творы змяшчаліся ў калектыўных зборніках «Вернутае шчасце», «Люблю будзённы дзень» і іншых. Таксама ў літаратурным запісе Кірэйчыка выйшлі кнігі былых партызан Р. Лазабеева і М. Качана «Лясныя пабрацімы» і «Апалены ранак».

Памёр I. А. Кірэйчык 16 лютага 1996 года. Пахаваны ў Гомелі. Імем пісьменніка названа вуліца ў яго роднай вёсцы Гута, а на месцы, дзе колісь стаяла бацькоўская хата, у яго гонар устаноўлены памятны знак.

 

НІА
па матэрыялах сайта
http://www.gants-region.info