Печать
Категория: Культура

16 лютага 2020 года споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння Івана Якаўлевіча Навуменкі – аўтара апавяданняў, аповесцей, раманаў, шматлікіх навуковых прац па праблемах станаўлення і развіцця беларускай літаратуры. Многія мастацкія творы яго перакладзены на рускую, латышскую, літоўскую і іншыя мовы, асобныя вядомы чытачам краін далёкага замежжа.

Нарадзіўся будучы пісьменнік у Васілевічах (Рэчыцкі раён) у сям’і чыгуначніка. Жыццёвай школай Івана Якаўлевіча стала Вялікая Айчынная вайна, жудасць якой ён зведаў спаўна. У сямнаццацігадовым узросце юнак уключыўся ў падпольную барацьбу з акупантамі, са снежня 1943 года знаходзіўся ў радах Савецкай Арміі, удзельнічаў у цяжкіх баях на Карэльскім перашыйку і закончыў вайну ва Усходняй Прусіі і Сілезіі.

Пачаткам літаратурнага творчага шляху Івана Навуменкі прынята лічіць 1955 год, калі ў часопісе «Маладосць» былі апублікаваны яго апавяданні «Сідар і Гараська» і «Эх, махорачка». З 1957 года кніга за кнігай убачылі свет зборнікі апавяданняў, навел і аповесцей – «Сямнаццатай вясной», «Хлопцы-равеснікі», «Таполі юнацтва», «Замяць жаўталісця», «Пераломны ўзрост» і іншыя. Многія з твораў сталі значным укладам у скарбніцу беларускай навелістыкі. У іх адлюстраваны лёс пакалення аднагодкаў аўтара, вобраз-тып сямнаццацігадовага юнака, які сустракаецца з жорсткімі жыццёвымі выпрабаваннямі і, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, захоўвае рамантычны, летуценна-наіўны погляд на рэчаіснасць. Маладыя героі прозы Івана Навуменкі праходзяць ваеннымі дарогамі, сядаюць на студэнцкую лаву, перажываюць радасці і расчараванні кахання.

Апавяданні і аповесці з’явіліся для аўтара пачатковым этапам стварэння трылогіі аб Вялікай Айчыннай вайне, якую склалі раманы «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці». У раманах, напісаных у 1970–1980 гады («Смутак белых начэй», «Летуценнік», «Асеннія мелодыі»), паказаны вобраз беларускага інтэлігента, асобы надзвычай чуйнай да дысгармоніі і дыскамфортнасці быцця, схільнай да балючай рэфлексіі. У гэтых творах адчуваецца даволі выразнае прадчуванне пералому ў поглядах і этычнай арыентацыі, што адбудзецца ў інтэлігенцкім асяроддзі ў 90-я гады. Сучаснае жыццё ў яго канфліктнасці і супярэчлівасці асэнсоўваецца аўтарам у апошнім значным творы – трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва».

Асобнай старонкай дзейнасці Івана Якаўлевіча Навуменкі з’яўляецца даследчыцкая, літаратурна-крытычная і навуковая праца. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны акадэмічныя выданні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» на рускай мове. Ён – аўтар раздзелаў «Янка Купала», «Максім Багдановіч», «Змітрок Бядуля» ў новым акадэмічным выданні «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў 4 тамах.

Іван Якаўлевіч Навуменка – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. Уражвае вялікая грамадская дзейнасць пісьменніка, вяршыняй якой з’яўляецца выкананне абавязкаў Старшыні Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання (1985–1990). Пад старшынствам І. Я. Навуменкі былі прыняты многія законапраекты, якія спрыялі развіццю нацыянальнай культуры і мовы.

 

НІА