Печать
Категория: Культура

21 студзеня 2016 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Анатоля Бутэвіча «Таямніцы Крэўскага замка: Падарожжа па нашай гісторыі з Вітаўтам Вялікім». Кніга стала працягам так званай «замкавай» серыі – «Таямніцы Мірскага замка», «Таямніцы Нясвіжскага замка», «Таямніцы Крэўскага замка», рыхтуюцца да выдання «Таямніцы Гальшанскага замка». Гэтая серыя, як і папярэдні праект аўтара «Сем цудаў Беларусі», ужо мае нямала прыхільнікаў, найперш – сярод юных чытачоў.

Не можа не ўразіць шматграннасць Анатоля Бутэвіча. Ён вядомы не толькі як пісьменнік, гісторык, краязнаўца і публіцыст, але і як грамадскі дзеяч. Бутэвіч узначальваў выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1986–1987), Дзяржаўны камітэт па друку (1990–1992), быў першым міністрам інфармацыі (1992–1994), міністрам культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994–1996), мае дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь, узначальвае Грамадскую назіральную камісію пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Галоўны герой новай кнігі Анатоля Бутэвіча – амаль сямісотгадовы Крэўскі замак, які быў сведкам гістарычнай падзеі еўрапейскага маштабу. Менавіта тут 14 жніўня 1385 года вялікі князь літоўскі Ягайла замацаваў дынастычны саюз з Польшчай. Але з большай прыхільнасцю выпраўляецца аўтар (разам з чытачамі) у вандроўку з князем Вітаўтам, які адстойваў інтарэсы самастойнага Вялікага княства Літоўскага.

На думку Анатоля Бутэвіча, «моладзь павінна ведаць не толькі сухія даты і факты, але ж і цікавыя паданні, якія існуюць вакол кожнай падзеі і кожнага пасялення. Менавіта гэта здольна ажывіць і ачалавечыць гісторыю, зрабіць яе яшчэ больш прывабнай».

НІА