З 6 жніўня па 15 верасня 2019 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстава «Кніжны знак». У экспазіцыі прадстаўлена больш за трыццаць экслібрысаў з некалькіх графічных калекцый музея.
Экслібрыс (у перакладзе з лацінскай – «з кніг») – уладальніцкі знак у выглядзе таблічкі, які наклейваецца або друкуецца на авантытуле, часам на форзацы кнігі з мэтай абазначэння прыналежнасці кнігі канкрэтнаму чалавеку.
Кніжны знак з’яўляецца каштоўнай гістарычнай крыніцай звестак пра персону ўладальніка.
Першымі «экслібрысамі» сталі ўладальніцкія надпісы на кнігах, выкананыя ўручную манахамі-скрыптарамі ў майстэрнях па перапісцы кніг. У перыяд ранняга сярэднявечча такія майстэрні былі толькі пры кляштарах.
У сваім традыцыйным выглядзе экслібрыс з’явіўся ў XV ст. пасля вынаходства кнігадрукавання.
З развіццём кнігадрукавання бібліятэчныя зборы сталі пашырацца, расла колькасць асабістых бібліятэк, што спрыяла ўдасканаленню мастацтва кніжнага знака. З’явіліся і атрымалі развіццё розныя віды экслібрыса: гербавыя, вензелевыя, мастацкія.
Выстава «Кніжны знак» пазнаёміць гледача з разнастайнасцю відаў, стыляў і тэхнік экслібрыса на прыкладзе экспанатаў XVII–XXI стст.
НІА
па матэрыялах сайта https://www.artmuseum.by