Калі спытаць у жыхароў нашай краіны сярэдняга і маладога веку, якія творы беларускай літаратуры ім найбольш помняцца са школьнай праграмы, то многія ў ліку першых назавуць раман «Людзі на балоце» Івана Мележа, а Ганну Чарнушку, галоўную гераіню твора, – любімым жаночым літаратурным вобразам.

Іван Паўлавіч Мележ (8 лютага 1921 – 9 жніўня 1976) пісаў апавяданні і аповесці, нарысы і эсэ, кінасцэнарыі і літаратурна-крытычныя артыкулы, аднак у гісторыю беларускай літаратуры і ў свядомасць чытачоў ён найперш увайшоў як аўтар «Палескай хронікі», па словах акадэміка Радзіма Гарэцкага, «праўдзівай эпапеі глыбокага самапазнання душы беларускага народа на пераломных рубяжах суровага і трагічнага ХХ стагоддзя». Гэта трылогія, якая аб’ядноўвае ў адзінае цэлае раманы «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань», напоўнена непаўторнымі фарбамі палескага краю і незвычайным моўным каларытам, шматграннымі характарамі і вострымі сацыяльна-псіхалагічнымі канфліктамі.

Раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» былі адзначаны ў 1972 годзе вышэйшай савецкай літаратурнай узнагародай – Ленінскай прэміяй. У гэтым ж годзе Івану Мележу было нададзена ганаровае званне «Народны пісьменнік Беларусі». Таксама творца з’яўляўся лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962, за раман «Людзі на балоце»), Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1976, за зборнік «Жыццёвыя клопаты»), быў узнагароджаны некалькімі ордэнамі і медалямі.

Не менш яркай старонкай беларускай культуры з’яўляюцца і ўвасабленні твораў Івана Мележа на тэатральнай сцэне і ў кінамастацтве. Спектаклі па раманах «Палескай хронікі» неаднаразова ставіліся ў сталічных і рэгіянальных тэатрах і на Беларускім тэлебачанні і радыё. Зараз на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы можна пабачыць пастаноўку «Людзі на балоце» ў рэжысёрскай інтэрпрэтацыі Аляксандра Гарцуева.

У 1982 і 1983 гадах знакаміты беларускі рэжысёр Віктар Тураў разам з калегам Дзмітрыем Зайцавым паставіў мастацкія кінафільмы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», на аснове якіх пазней быў створаны 8‑серыйны тэлефільм. За гэтую працу творчы калектыў у 1984 годзе быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Ганна Чарнушка і Васіль Дзяцел, Яўхім Глушак і Хадоська, Міканор і Апейка, Сарока і Нібыто-Ігнат… Думкі і ўчынкі герояў у часы «крутога пералому» звыклага ладу жыцця, людскіх лёсаў і псіхалогіі, іх радасць і гора, каханне і страты, мары і сумненні, па-майстэрску ўвасобленыя Мележам-мастаком і Мележам-філосафам, не пакідаюць абыякавымі чытачоў і ў наша ХХІ стагоддзе, бо дапамагаюць зразумець сябе ў кантэксце нацыянальным і агульначалавечым. Бо гэта класічная літаратура. Бо «Палеская хроніка» – сапраўдны шэдэўр беларускага мастацтва слова.

НІА