Печать
Категория: Культура

Усім сэрцам люблю зямлю, што дала мне жыццё, што ў старасці корміць хлебам, што не адмовіць у апошнім прытулку. Кожны з нас, хто хоць крыху мае сілы, абавязаны для сваёй зямлі, для навукі ўнесці сваю долю.
Канстанцін Тышкевіч

 

17 лютага 2016 года споўнілася 210 год з дня нараджэння Канстанціна Тышкевіча (1806–1868), які разам з малодшым братам Яўстахам з’яўляецца пачынальнікам беларускай навуковай археалогіі.

Нарадзіўся будучы даследчык у маёнтку Лагойск Барысаўскага павета Мінскай губерніі ў сям’і буйнога землеўласніка Пія Тышкевіча, прадстаўніка старажытнага шляхецкага роду, і графіні Аўгусты Плятэр. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта паступіў на службу ў канцылярыю міністра фінансаў Княства Польскага. У 1836 годзе Канстанцін вяртаецца на радзіму і прысвячае сябе гаспадарчай ды даследчай дзейнасці. У Лагойску пачынаюць працаваць палатняная мануфактура, майстэрня па пераплаўцы жалезнай руды, цукровы завод, дзейнічае пазыковы банк для мяшчан і сялян.

Аднак большую частку сродкаў і часу Канстанцін Тышкевіч накіроўвае на вывучэнне гісторыі свайго краю – праводзіць, як і яго малодшы брат Яўстах, раскопкі курганоў, замчышчаў, гарадзішчаў на Лагойшчыне і ў іншых мясцінах Мінскай губерніі. Ім упершыню былі складзены тапаграфічныя апісанні гарадзішчаў, зроблена класіфікацыя курганоў, гарадзішчаў і археалагічных знаходак. А распрацаваная методыка палявых археалагічных даследаванняў не страціла сваёй актуальнасці і ў нашы часы. Плёнам даследчай і навуковай дзейнасці Канстанціна Тышкевіча сталі фундаментальныя манаграфіі «Аб курганах у Літве і Заходняй Русі», «Гістарычныя звесткі аб замках, гарадзішчах і курганах на Літве і Русі Літоўскай».

У 1842 годзе браты Тышкевічы ствараюць у Лагойску першы на Беларусі музей старажытнасцей, у якім, акрамя археалагічных рарытэтаў, былі прадстаўлены багатыя калекцыі медалёў і манет, старажытных кніг і рукапісаў, рыцарскай зброі і твораў мастацтва. Пасля на яго аснове пачаў дзейнічаць Віленскі музей старажытнасцей і археалагічная камісія пры ім.

У 1856 годзе Канстанцін Тышкевіч на ўласныя сродкі ладзіць навуковую экспедыцыю па рацэ Вілія ад яе вытокаў да месца ўпадзення ў Нёман. За чатыры месяцы былі даследаваны каля трохсот населеных пунктаў, сабраны багаты этнаграфічны і фальклорны матэрыял, апісаны архітэктурныя помнікі, здзейснены археалагічныя раскопкі. Па выніках вандроўкі ў 1858 годзе была напісана краязнаўчая манаграфія «Вілія і яе берагі» (надрукавана ў 1971 годзе ў Дрэздане).

Даследчая дзейнасць Канстанціна Тышкевіча, археолага, гісторыка, этнографа і фалькларыста, была шырока прызнана навуковай грамадскасцю. Ён з’яўляўся ганаровым сябрам Імператарскай акадэміі навук у Пецярбургу, Каралеўскай акадэміі навук Швецыі, Лонданскага інстытута археалогіі, таксама супрацоўнічаў з навуковымі таварыствамі ў Кракаве, Празе, Парыжы.

НІА