Афіцыйнае адкрыццё форуму адбудзецца 11 ліпеня, але фестывальныя мерапрыемствы пачнуцца на некалькі дзён раней, з 8 ліпеня.

Імянную зорку на зорнай плошчы каля Летняга амфітэатра сёлета замацуюць у гонар народнай артысткі Украіны Таісіі Павалій. Менавіта яна стане ўладальніцай спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва – да міру і ўзаемапаразумення».

Маладыя выканаўцы з 18 краін, удзельнікі «базарнага» конкурсу, выступяць не толькі ў Віцебску, але і ў Жодзіне – у зборачным цэху аўтазавода «БелАЗ». І гэта, як напаўжартам зазначае кіраўнік дырэкцыі «Славянскага базару ў Віцебску» Глеб ЛАПІЦКІ, стане ўнёскам фестывалю ў пашырэнне экспартных паставак. А 21 юнаму канкурсанту пакажуць калыску беларускай дзяржаўнасці – Полацк.

Арганізатары пастараліся, каб фестываль стаў цікавейшым для моладзі. Для гэтага на плошчы Перамогі на працягу пяці дзён, пачынаючы з 11 ліпеня, будуць праводзіцца канцэрты ў фармаце open aіr з удзелам выканаўцаў і музычных гуртоў розных творчых напрамкаў. Новы праект назвалі «Фестывальны пікнік». Тут сярод іншых выступяць NAVІBAND, «Без білета», «Пачуццё палёту», «J:Морс»... Традыцыйны Дзень моладзі расцягнецца ў часе і прасторы – яго мерапрыемствы будуць праходзіць 12 і 13 ліпеня на плошчы Перамогі і пляцоўках каля амфітэатра і канцэртнай залы «Віцебск». Як расказала сакратар ЦК БРСМ Юлія ЗІНКЕВІЧ, сярод цікавінак маладзёжных дзён – інтэлектуальны турнір з удзелам зборных з усіх абласцей, фестываль кавер-бэндаў, масавы маладзёжны забег (яго пераможцу дастанецца веласіпед), чэмпіянат па аўтагуку, прэзентацыя маладзёжных субкультур і шматлікія спартыўныя спаборніцтвы.

Сёлета «Кніга рэкордаў фестывалю» можа папоўніцца новым: 1000 пацалункаў на Пушкінскім мосце. Магчымасць стаць адным з удзельнікаў рамантычнай акцыі ўжо актыўна рэкламуецца ў сацыяльных сетках.

«Штогод з бюджэту Саюзнай дзяржавы выдзяляецца на арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў “Славянскага базару ў Віцебску” значная сума, сёлета гэта каля 25 мільёнаў расійскіх рублёў», – кажа кіраўнік дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Маргарыта ЛЕЎЧАНКА. Акрамя таго, у мастацкім музеі прадставяць некалькі адмысловых экспазіцый – дзівоснай прыгажосці растоўскую фініфць, увасабленні вобраза Аляксандра Неўскага ў мастацкай творчасці. І вішанька на торце – праект «Выстаўка аднаго дня», дзе пакажуць ювелірны шэдэўр, рэпліку Вялікай імператарскай кароны. (Рэпліка – гэта значыць не дакладная копія мастацкага твора, а паўтор, які можа адрознівацца асобнымі дэталямі. У рабоце смаленскіх ювеліраў, напрыклад, скарыстанае не серабро, а белае золата і каля 11 тысяч дыяментаў, у тым ліку рэдкі камень рубінава-чырвонага колеру.)

«У чым адметнасць “Славянскага базару ў Віцебску” 2019 года? Гэта вялікая культурная падзея, якая не замыкаецца толькі на папулярнай музыцы, – падкрэслівае кіраўнік дырэкцыі фэсту Глеб Лапіцкі. – Прасцей за ўсё ўзяць некалькіх папулярных артыстаў і зарабіць на іхніх канцэртах грошы. Але мы пастараліся насыціць, разнастаіць праграму ўсімі відамі мастацтва – вулічнага, тэатральнага, класічнага і гэтак далей». Так, сёлета ўпершыню наведаюць фестывальны Віцебск некаторыя артысты сусветнага ўзроўню – сапрана Вялікага тэатра Расіі Ксенія Дзяжнёва, оперная зорка з Карэі Сумі Чо, зорка оперы і мюзіклаў Венсан Нікло з Францыі і многія іншыя. «Для нас вельмі важна паказаць сваю краіну не толькі маладым канкурсантам, але і вялікім артыстам, якія падзеляцца потым сваімі ўражаннямі ў іншых краінах. І, на маю думку, калі Сафія Ратару спецыяльна рыхтуе для закрыцця «Славянскага базару» прэм'еру песні, гэта яскравае сведчанне таго, як папулярныя артысты ацэньваюць узровень нашага фестывалю».

Паводле апошніх звестак, план па продажы білетаў на «базарныя» мерапрыемствы выкананы амаль на 100 працэнтаў – не ў апошнюю чаргу дзякуючы маніторынгу інтарэсаў і фінансавых магчымасцяў публікі рознага ўзросту. З дня на дзень прыступіць да работы каманда валанцёраў – 200 чалавек, якія на рускай, беларускай, англійскай і нават кітайскай мовах дапамогуць сарыентавацца гасцям форуму (а сёлета ўпершыню білет на любую падзею фэсту дазваляе іншаземцам з амаль 75 краін без візы прыехаць у Беларусь). Развучваюць свае рэплікі тры пары вядучых, якія прадстаўляюць краіны – заснавальніцы фэсту: Беларусь, Расію і Украіну і сімвалізуюць пераемнасць пакаленняў. І ўжо зусім хутка ў Віцебску, а дзякуючы радыё- і тэлеэфірам – у многіх замежных краінах – прагучаць знаёмыя акорды «Славянскага базару».

Падрабязней.

Аляксандр ПУКШАНСКІ
Вікторыя ЦЕЛЯШУК