Сёння адзначае сваё 85-годдзе выдатны беларускі пісьменнік Віктар Карамазаў. У гэты дзень прыгадаем некалькі фактаў з яго біяграфіі і літаратурнай спадчыны.

Віктар Карамазаў у дзяцінстве зведаў горкі лёс бежанца ў прыволжскай далечыні. Яго спадарожнікамі былі вечныя голад, холад, што спрыяла ранняму сталенню. Таму самым аўтабіяграфічным з’яўляецца раман «Бежанцы», у якім пераплятаюцца падзеі часоў вайны і сучаснасці. Свет паказаны вачамі дарослага Захара Макаравіча Падабеда і яго сына Васі, а пасля – дарослага Васіля і яго сына Сярожы. У творы паказаны пакутлівы шлях беларусаў у бежанцах, калі людзі мусяць уцякаць ад вайны (Захар і Вася) і радыяцыі (Васіль і Сярожа).

Ужо ў самым пачатку свайго творчага шляху Віктар Карамазаў актыўна спалучаў дзейнасць журналіста і пісьменніка. Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ ён працаваў адказным сакратаром чэрыкаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога», крычаўскай раённай газеты «Шлях сацыялізма», загадваў аддзелам у міжраённай газеце «Новае жыццё» (Крычаў), быў уласным карэспандэнтам абласной газеты «Магілёўская праўда»; літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела навукі, ВНУ і школ, а затым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва ў газеце «Звязда»; літсупрацоўнікам, пасля загадчыкам аддзела культуры газеты «Літаратура і мастацтва»; загадчыкам аддзела мастацкіх фільмаў Галоўнай рэдакцыі «Тэлефільм»; сябрам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання; загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса «Полымя». Таму раннія апавяданні вызначаліся публіцыстычнасцю і нарысавасцю.

Віктар Карамазаў – тонкі псіхолаг, які наскрозь бачыць чалавека і перадае ў сваіх творах самыя розныя зрухі чалавечай душы («Пушча», «Дзень Барыса і Глеба», «Спіраль», «Пагоннік», «Бярозавыя венікі», «Краем белага шляху» і інш.)

Аматарам сучаснай беларускай літаратуры імя Віктара Карамазава вядома ў сувязі з серыяй цікавых кніг, прысвечаных мастакам. І гэта невыпадкова, бо з дзяцінства ён сам любіў маляваць, не кінуў гэты занятак і ў дарослым жыцці. У дзённіку 1993 года Віктар Карамазаў згадвае карціну, напісаную алеем на палатне – Чорнае возера за крычаўскім Сожам. Некаторыя пейзажы Віктара Філімонавіча знаходзяцца ў Бялыніцкім музеі. Удзел у пленэрах на радзіме Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, знаёмства з яго творчасцю падштурхнула да напісання аповесці-эсэ «Крыж на зямлі і поўня ў небе», якая ў свой час была экранізавана. У творы пададзены вобраз вялікага мастака з розных бакоў: Біруля-мастак, Біруля-патрыёт, Біруля-Чалавек і мысліцель. Пазней выйшлі кнігі, прысвечаныя іншым мастакам, – Станіславу Жукоўскаму, Гаўрыле Вашчанку, Антону Бархаткову, Мікалаю Неўраву.

Невыпадкова кніжная выстава, прысвечаная 85-годдзю публіцыста, сцэнарыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага Віктара Карамазава, называецца «Пейзаж чалавечай душы». Выстава праходзіць з 7 чэрвеня па 18 ліпеня ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

З нагоды юбілейнай даты жадаем Віктару Філімонавічу Карамазаву моцнага здароўя, плёну ў працы, а яго чытачам – новых цікавых адкрыццяў ад пісьменніка, які дорыць надзею на выратаванне ад мітусні нашага часу, надзею на магчымасць запаволіць час і азірнуцца…

 

НІА