Сёлета 19 чэрвеня споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння аднаго з самых вядомых у свеце беларусаў – Васіля Быкава. Аднойчы ён напісаў: «Чалавек, як i кожная жывая iстота ад Бога, нараджаецца свабодным». Менавіта свабода была яго самай галоўнай каштоўнасцю ў жыцці. З нагоды юбілею Васіля Быкава прадстаўляем некалькі малавядомых фактаў яго біяграфіі.

Ён мог стаць мастаком, а стаў салдатам і пісьменнікам. Пасля заканчэння школы Васіль Быкаў паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе адзначаў: «Вучыцца там доўга не прыйшлося, бо ў 1940 годзе стыпендыю адмянілі, і гэтая абставіна вярнула мяне ў вёску». Але маляванне не кінуў. На палях аўтографаў твораў Быкава можна знайсці яго малюнкі.

Савецкая цэнзура неахвотна прымала кнігі Васіля Уладзіміравіча і іх экранізацыі. Каб пазбегнуць праблем, рэжысёр фільма «Восхождение» (паводле аповесці «Сотнікаў») Ларыса Шапіцька запрасіла на паказ першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава, які не хаваў слёз падчас прагляду. Дзякуючы палымянай абароне П. Машэрава фільм быў прыняты без адзінай праўкі.

Першыя літаратурныя вопыты Васіля Быкава былі не зусім удалыя. Калі ён служыў на Далёкім Усходзе, напісаў і даслаў у часопіс «Полымя» Міхасю Лынькову два свае апавяданні. Сам Быкаў пазней прызнаваў, што тыя творы не былі шэдэўрамі. Лынькоў іх не надрукаваў, але даслаў падрабязны аналіз. Васіль Уладзіміравіч пісаў: «Я зразумеў, што турбаваць не трэба. І больш не пісаў. Кінуў гэта ўсё». І сапраўды, не пісаў цэлых пяць гадоў!

Любімым заняткам Васіля Быкава з дзяцінства было чытанне кніг. Сястра Валянціна згадвала, што ён замест урокаў да самай ночы мог чытаць мастацкія кнігі. Аднойчы пераклаў на беларускую мову кнігу Жуля Верна «З гарматы на Месяц». Свой пераклад даслаў у самую папулярную на той час беларускую газету для дзяцей «Піянер Беларусі», каб усе дзеці маглі пазнаёміцца з сусветным шэдэўрам.

Адным з самых шматпакутных твораў Васіля Быкава з’яўляецца раман «Мёртвым не баліць». Гэты твор быў апублікаваны ў часопісе «Маладосць» у 1965 годзе. Прыкладна праз год на рускай мове твор надрукакаваў часопіс «Новый мир», пасля чаго шматлікія савецкія крытыкі абрынуліся на аўтара за «отображение событий Великой Отечественной войны с неверных идейных позиций». Даходзіла да таго, што ў гродзенскай кватэры пісьменніка білі вокны, а жонку закідвалі памідорамі. Урэшце твор быў забаронены. У гэты ж час адзін з найлепшых даследчыкаў быкаўскай творчасці Васіль Буран збіраўся абараняць дысертацыю «Творчасць Васіля Быкава. Станаўленне мастацкай індывідуальнасці пісьменніка». Рабоце Бурана доўгі час не давалі ходу. Праз некалькі месяцаў безвыніковай барацьбы сам Быкаў параіў напісаць тое, што патрабуюць, і нават дапамог дысертанту сфармуляваць хібы ўласнай творчасці.

Другі шанс раману «Мёртвым не баліць» быў дадзены ў 1982 годзе, калі дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Міхал Дубянецкі ўключыў яго ў апошнюю кнігу чатырохтомнага збору твораў Васіля Быкава. Але гэта быў «пакалечаны» цэнзурай варыянт. Толькі ў 2014 годзе раман выйшаў без купюр. Сёлета 24 мая на Міжнародным фестывалі «Кніжны Арсенал» у Кіеве адбылася прэзентацыя рамана «Мёртвым не баліць» без цэнзурных скарачэнняў на ўкраінскай мове разам з перакладамі аповесці «Альпійская балада» і рамана «Знак бяды». Удзельнікамі прэзентацыі сталі вядомыя вучоныя, крытыкі і перакладчыкі: Таццяна Кабржыцкая, якая напісала прадмову да «Мёртвым не баліць» і пераклала раман на ўкраінскую мову, Вячаслаў Рагойша і Дмітро Паўлычка.

У Мінску таксама адзначаецца юбілей класіка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. 10 чэрвеня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Васіль Быкаў. Пункціры жыцця», прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі В. Быкава і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

А з 19 па 22 чэрвеня Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае гасцей на «Быкаўскія дні» ў Музеі-дачы Васіля Быкава ў агр. Ждановічы, што пад Мінскам.

Падчас мерапрыемства будуць ладзіцца наступныя захады: ганаровая высадка валошак у падарунак Васілю Быкаву, «Быкаўскае чаяванне» з успамінамі пра пісьменніка ад сяброў і блізкіх людзей, урачысты запуск «Пошты Васіля Быкава».

Акрамя гэтага, на працягу чатырох дзён на тэрыторыі Музея-дачы Васіля Быкава запланаваны кінапаказы на адкрытым паветры, эксурсіі па экспазіцыі, падчас якіх загучыць голас гаспадара дачы, ды іншыя цікавосткі.

Кожны наведвальнік Музея-дачы Васіля Быкава зможа выслаць ліст са словамі пісьменніка праз адмысловую «Пошту Васіля Быкава» ў любы куток Беларусі сваім сябрам і сваякам.

22 чэрвеня ў межах «Быкаўскіх дзён» а 11-й гадзіне на Усходніх могілках Мінска адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак і знічоў на магілу пісьменніка.

Таццяна Кабржыцкая ў прадмове да ўкраінскага выдання «Мёртвым не баліць» адзначыла: «Радкі з верша „Мы проста йшлі, у нас няма й зярна няпраўды за сабой“, звернутыя калісьці Тарасам Шаўчэнкам да сваёй Музы, мог бы паўтарыць ад свайго імя і Васіль Быкаў. Пра яго мы гаворым з годнасцю: „Наш Васіль Быкаў!“».

 

НІА