Печать
Категория: Культура

5 сакавіка споўнілася 120 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, драматурга, паэта-сатырыка, празаіка, вучонага-лінгвіста, грамадскага дзеяча, акадэміка, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, тройчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы Кандрата Крапівы (Кандрата Кандратавіча Атраховіча).

Нарадзіўся пісьменнік у в. Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Веды набываў у царкоўна-прыходскай школе, потым – у народным вучылішчы. У 1913 годзе экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка і праз год атрымаў месца ў земскім народным вучылішчы, але ў жніўні 1915 года быў прызваны на вайсковую службу, а ў кастрычніку 1916-га адпраўлены на Заходні фронт.

Пасля дэмабілізацыі з Чырвонай арміі пісьменнік з сям’ёй пераехаў у Мінск, дзе працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры, з’яўляўся членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша», узначальваў аддзел ў рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі». У гэты перыяд выходзяць яго першыя літаратурныя зборнікі «Апавяданні», «Асцё» і «Крапіва». У 1930 годзе К. Крапіва скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ.

У 1939 годзе пісьменнік быў зноў прызваны ў армію. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён працаваў у рэдакцыі газет «Красноармейская правда», «За Савецкую Беларусь». З сакавіка 1943 года і да канца вайны быў адказным рэдактарам сатырычнага выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». Пасля вайны на працягу двух гадоў займаў пасаду адказнага рэдактара сатырычнага часопіса «Вожык».

З 1947 па 1951 год К. Крапіва з’яўляўся загадчыкам сектара мовазнаўства Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва, з 1952 года – дырэктарам Інстытута мовазнаўства. У 1956 годзе пісьменнік быў абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР, у 1980-х гадах працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам-кансультантам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.

За вялікія заслугі ў развіцці беларускай навукі ў галіне мовы і літаратуры К. Крапіве было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі. Пісьменнік з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР за комплекс работ па беларускай лінгвагеаграфіі. Імя К. Крапівы носіць Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

К. Крапіва – прызнаны майстра сатырычнага жанру, з дапамогаю якога ён прафесійна і эмацыянальна выкрываў многія негатыўныя з’явы паўсядзённага жыцця, узбагаціў айчынную і сусветную літаратуру ёмістымі, яркімі, запамінальнымі вобразамі, а таксама сусветна вядомы байкапісец, творы якога склалі шматлікія зборнікі, набылі шырокую папулярнасць, перакладаліся на многія мовы. У 1956 годзе К. Крапіва быў удастоены звання народнага пісьменніка Беларусі, тройчы адзначаўся Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР за п’есы «Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі», камедыю «Брама неўміручасці». У 1975 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Творы Кандрата Крапівы вызначаюцца не толькі дасціпным гумарам і вострай сатырай, але і сакавітай і трапнай мовай. Нездарма многія выказванні пісьменніка сталі крылатымі словамі. Поруч са славутым «свінтусам грандыёзусам» можна прыгадаць і гэтыя радкі з баек:

«Другі баран – ні „бэ“, ні „мя“, а любіць гучнае імя».

«Аднак жа, як свінню не кліч, яе заўсёды выдасць лыч!»

«Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах».

«Малому веліччу быць хочацца заўсёды».

«Парсюк не надта быў ахвочы глядзецца праўдзе ў вочы».

«Прэтэнзій у яго – хапіла б на слана, заслуг жа – як у зайца».

«Каб Сонца засланіць – вушэй асліных мала».

К. Крапіва пражыў доўгае насычанае жыццё і пакінуў пасля сябе велізарную духоўную спадчыну. Яго творчасць – з’ява ўнікальная і адметная для беларускай літаратуры і нацыянальнай культуры.

НІА