Пра Ажэшку – без пафасу: як пра чалавека, а не бронзавы бюст:
З нагоды дня нараджэння пісьменніцы

З 5 чэрвеня 2019 года па серадах у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ўсім зацікаўленым будзе прадстаўлены цыкл адкрытых лекцый Святланы Воцінавай «Сны самотнага дзьмухаўца» па старонках біяграфіі Элізы Ажэшкі.

Кожная лекцыя прысвячаецца пэўнаму прамежку жыцця пісьменніцы. 5 чэрвеня ў 18 гадзін адбудзецца першая лекцыя: «Эльжбета – Эльзюня – Эліза» (6 чэрвеня 1841 года – май 1856 года: ад нараджэння да выпуску з Варшаўскага пансіёна).

Другая дачка ў сям’і Бенедыкта і Францішкі (з Каменскіх) Паўлоўскіх, пры хрышчэнні яна атрымала імя ў гонар бабкі па маці – Альжбета. Але ў доме яе называлі Эльзюняй, ці Зюняй. Пансіён пры Варшаўскім манастыры ператворыць яе ў Элізу...

Як выхоўваліся Клемянцінка і Зюня Паўлоўскія: у што гулялі, што чыталі, з кім сябравалі?

Што ўтойвалі ад іх старыя партрэты і шафы, і што яны самі ўтойвалі ад дарослых?

Вяселлі і пахаванні.

Што падказалі старыя магілы?

Чаму Варшава, а не Вільня? Чаму бабка, а не maman? Тузін і яшчэ адзін: аргументы ў апраўданне «дэспатычнай» пані Францішкі.

Захапляльныя і кранальныя эпізоды першых пятнаццаці гадоў жыцця пісьменніцы, сёе-тое ў новых ракурсах.

Расклад наступных лекцый на чэрвень і ліпень:

  • 12 чэрвеня – лекцыя другая: «Нявеста. Жонка. Паўстанка. Пісьменніца»;
  • 19 чэрвеня – лекцыя трэцяя: «Каханне першае і апошняе»;
  • 26 чэрвеня – лекцыя чацвёртая: «Бізнес-пані»;
  • 3 ліпеня – лекцыя пятая: «Ажынавая зіма»;
  • 10 ліпеня – лекцыя шостая: «Сны залатыя»;
  • 17 ліпеня – лекцыя сёмая: «Апошняе сонца».

 

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, вул. М. Багдановіча, 13. Пачатак: 18:00.


НІА