14 сакавіка 2016 года – 85-гадовы юбілей беларускага пісьменніка Паўла Місько (1931–2011).

Малая радзіма Паўла Андрэевіча Місько – вёска Старцавічы (цяпер Знамя) Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Адтуль прага да ведаў прывяла будучага майстра слова на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, пасля заканчэння якога была праца журналістам у рэгіянальным друку. З сярэдзіны 1960‑х гадоў Павел Місько становіцца літсупрацоўнікам «Сельской газеты», затым працуе ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і часопісе «Полымя», з’яўляецца намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Павел Місько вядомы як аўтар твораў для дзяцей, найперш казак і фантастычных аповесцей. З-пад яго пяра выйшлі такія папулярныя ў юных чытачоў кнігі, як «Прыйдзі, дзень-залацень!», «Прыгоды Бульбобаў», «Грот афаліны», «Эрпіды на планеце Зямля», «Акрабат у бутэльцы». Аднак творчая спадчына пісьменніка багатая і на іншыя жанры. Варта прыгадаць, напрыклад, раманы «Градабой», «Мора Герадота», «Хлопцы, чые вы будзеце…», паэтычны зборнік «Ружовыя ліўні», раман у вершах «Пакуль зямлю мілуе сонца…», зборнікі гумару «Чэрці ў коміне», «Развітальная гастроль», кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу», «Дрэва жыцця» і інш.

Займаўся Павел Місько і мастацкімі перакладамі з рускай, украінскай, польскай і балгарскай моў. Дзякуючы яму па-беларуску загучалі «Мёртвыя душы» М. Гогаля, «Канёк-гарбунок» П. Яршова, пэўныя творы К. Чукоўскага, В. Бялова, Я. Носава, У. Цендракова і інш.

Прыгодніцкія і фантастычныя сюжэты, яркія персанажы, жвавая і сакавітая мова сустракаюць чытача на старонках кніг Паўла Місько. І хоць падзеі часам адбываюцца ў самых незвычайных мясцінах на Зямлі і ў  космасе, творы пісьменніка дапамагаюць нам лепш спазнаць сябе, свой нацыянальны характар і свой родны край.

НІА