Печать
Категория: Культура

6 лютага 2019 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, перакладчыка, літаратурнага крытыка, публіцыста, кінасцэнарыста і грамадскага дзеяча Аркадзя Аляксандравіча Куляшова.

Нарадзіўся творца ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна, што на Магілёўшчыне, у сям’і настаўнікаў. Яго паэтычны талент абудзіўся рана – вершы пісаў з шасцігадовага ўзросту на рускай мове. У 1926 г. у клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік» з'явіўся ў друку першы верш А. Куляшова на беларускай мове «Ты мой брат». У наступныя гады творы паэта змяшчаліся ў часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Полымя», газеце «Чырвоная змена», а ў 1930 г. Белдзяржвыдавецтва выпусціла першы зборнік вершаў «Росквіт зямлі». Усім вядома песня І. Лучанка «Алеся», у аснову якой пакладзены верш А. Куляшова «Бывай...» (1928).

У 1931–1933 гг. паэт вучыўся на літаратурным факультэце Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута. Да вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», на Беларускім радыё, літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, А. Куляшоў добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. На старонках франтавога друку паэт расказваў пра суровую праўду змагання з фашысцкімі вылюдкамі, пра мужнасць і стойкасць байца-камсамольца на Бранскім фронце, якога гітлераўцы на марозе аблілі вадой, пра безыменнага мінаметчыка, які на сваім участку стрымліваў наступленне варожай дывізіі і г. д.

Пасля вайны А. Куляшоў некаторы час рэдактаваў тэксты ў газеце «Літаратура і мастацтва», потым быў начальнікам сцэнарнага аддзела і галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1958–1967).

Паэзія А. Куляшова пасляваеннага дзесяцігоддзя вызначалася інтэлектуалізмам, які разам з палкім грамадзянскім пафасам выдзяляў яе з агульнага патоку. Творцы належала першынство ў выяўленні адчуванняў чалавека, які вяртаецца на Зямлю пасля касмічнага палёту. Вершы яго станавіліся ўсеахопнымі, напаўняліся грамадскай думкай і ў той жа час былі канкрэтнымі.

У 60–70-я гады яшчэ больш узрасла філасафічнасць паэзіі А Куляшова. Праблемы вайны і міру, існавання чалавецтва, захавання планеты ад глабальнага знішчэння, недапушчальнасць парушэння норм жыцця характэрныя, напрыклад, для філасофскіх твораў «Цунамі» (1968), «Маналог» (1989). У паэме «Варшаўскі шлях» (1973) праз асэнсаванне жыццёвага і творчага шляху паэта А. Твардоўскага па-майстэрску паказана атмасфера грамадскага жыцця, роля асобы паэта ў грамадстве. Драматычная паэма «Хамуціус» (1975) уваскрашала вобраз рэвалюцыянера-дэмакрата Кастуся Каліноўскага, пацвярджала пераемнасць гістарычных падзей, паядноўвала наша мінулае з сучаснасцю.

А. Куляшоў – аўтар больш за 40 паэтычных зборнікаў і кніг, сярод якіх «Крыўда» (1930), «Аманал» (1933), «Мы жывём на граніцы» (1938), «У зялёнай дуброве» (1940), «Добры чалавек» (1941), «Сцяг брыгады» (1943), «На сотай вярсце» (1945), «Прыгоды цымбал» (1945), «Простыя людзі» (1949), «Далёка да акіяна» (1972) і інш.

А. Куляшоў – двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за паэмы «Сцяг брыгады» і «Новае рэчышча». Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

А. Куляшоў – перакладчык твораў А. С. Пушкіна (паэмы «Цыганы», рамана ў вершах «Евгений Онегин»), М. Ю. Лермантава (зборніка «Избранная поэзия»), паэмы «Энеіда» І. Катляроўскага і інш.

Памёр паэт 4 лютага 1978 г. Пахаваны ў Мінску.

Сёння імя народнага паэта Беларусі А. А. Куляшова носяць Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, а таксама вуліцы ў Мінску, Магілёве, Смаргоні.

 

НІА