Інтэрв'ю з Аляксандрам Мікалаевічам Бадаком (Алесем Бадаком), беларускім пісьменнікам, публіцыстам, літаратурным крытыкам, паэтам-песеннікам, членам Саюза пісьменнікаў СССР (1990), лаўрэатам літаратурнай прэміі «Залаты апостраф» (2003), лаўрэатам літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2008), аўтарам больш за 10 паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, тэкстаў песень, дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».

– Алесь Мікалаевіч, пытанне з пункту гледжання Вашага жыццёвага і пісьменніцкага вопыту: наколькі сучасны чытач, чытач-падлетак XXI стагоддзя адрозніваюцца ад чытача мінулага стагоддзя?

– Я ўспамінаю сябе, калі быў школьнікам, школьнікам-падлеткам, і кніжкі, якія чытаў. Безумоўна, я чытаў творы, якія былі і традыцыйна застаюцца ў школьнай праграме. Гэтыя кніжкі заўсёды ёсць у раённай дзіцячай і школьнай бібліятэках. Калі параўноўваць іх з кнігамі, якія чытаюць сённяшнія школьнікі і падлеткі, можна вылучыць шмат агульнага. Возьмем, напрыклад, беларускую літаратуру: сёння запатрабаваныя і Янка Маўр, і Міхась Лынькоў. Пры тым, што творы іх былі напісаныя яшчэ да вайны. Сучасная літаратура больш разнастайная, у тым ліку і жанрава. У гэтым галоўнае адрозненне чытацкай дзейнасці прошлага і цяперашняга стагоддзяў. Адбываецца своеасаблівае зліццё, калі на адной паліцы стаяць разнастайныя творы...

Якія кнігі выдаеце Вы?

– Вось, напрыклад, дзіцячыя кнігі «Мама Му» Юі Вісландэр. Гэта даволі ўжо вядомая серыя ў перакладзе са шведскай мовы. І мы будзем яе працягваць друкаваць. Гэта наконт пытання, наколькі цяпер запатрабаваная літаратура на беларускай мове і сярод бібліятэк, і сярод чытачоў. Мы выдалі некалькі кніжак пра «Маму Му» Юі Вісландэр. У нас выходзяць і іншыя шведскія кніжкі.

Ёсць кнігі, якія выходзяць у Балгарыі, таксама цэлая серыя. І вось гэтая серыя пачала выдавацца на беларускай мове (дэманструе кнігі). Увогуле, такія кнігі ў Беларусі яшчэ не выдаваліся. Усё, што мы бачым у кнігарнях, прывезена з блізкага замежжа. Вось такія кніжкі-вырубкі. «Мастацкая літаратура» – першае выдавецтва, якое пачало выпускаць такія кніжкі.

Я ўжо гаварыў пра пераклады з балгарскай мовы. Наша задача на бліжэйшы час – выдаваць такія ж кніжкі беларускіх аўтараў на беларускай мове. Мне здаецца, яны будуць гэтак жа папулярныя.

Калі дапусціць, што Вы апынуліся на незаселенай выспе. Да Вашага берага прыбіла чамадан. Якую любімую кнігу Вы б хацелі там знайсці?

– Пытанне хітрае. Магу на яго хітра і адказаць. Справа ў тым, што я адношуся да тых чытачоў і тых пісьменнікаў, якія актыўна чытаюць кнігі ў Інтэрнэце. У маёй сумцы заўсёды знаходзіцца электронная кніга, дзе запісана дакладна некалькі тысяч твораў. Гэта і проза, і паэзія, і біяграфія, і дзіцячая літаратура. Таму, калі я траплю на якую-небудзь выспу або планету, я не сумняваюся, што электронная кніга будзе са мной, бо я з ёй не расстаюся. На самой справе, выбраць нешта адно вельмі цяжка. Сёння мне падабаецца Міларад Павіч. Доўгі час гэта быў адзін з самых любімых маіх пісьменнікаў. Я чытаў, перачытваў, спрабаваў зразумець яго з другога, трэцяга разу. Вельмі падабаюцца яго апавяданні. Але я ўспамінаю, гадоў 10 таму мне падабалася нешта іншае. Я не ведаю, што мне захочацца чытаць і перачытваць яшчэ праз 10 гадоў. Гэта тычыцца не толькі прозы, але і паэзіі. Я памятаю, які шок быў у мяне, калі мне ў рукі трапіла кніга Алеся Разанава «Шлях 360». Я такіх кніг наогул не бачыў. Былі яшчэ «Свята пчалы» Рыгора Барадуліна, потым «Мой Свеце ясны» Міхася Стральцова. Выдатнейшыя кнігі!

Вы сябе дыскрэдытуеце як рэдактар. Чытаеце электронныя кнігі. Вы не баіцеся застацца без працы?

– Я так не лічу. Электронныя сродкі даюць магчымасць даведацца, цікава дадзеная кніга табе ці не, падабаецца табе стыль яе напісання ці не. Электронная кніга дазваляе праверыць, ці ведаеш ты сам твор і яго аўтара.

Можна прыйсці вечарам дадому і спампаваць некалькі кніг, і з іх выбраць адну, але тую, якую пасля паставіш на паліцу.

 

НІА