11 кастрычніка 2018 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння беларускай паэтэсы і перакладчыцы Эдзі Агняцвет.

Эдзі Агняцвет (сапраўднае імя Эдзі Сямёнаўна Каган) нарадзілася ў Мінску ў сям’і служачых. Пасля заканчэння сямігодкі працавала на заводзе «Камунар», потым год вучылася ў мінскай будаўнічай прафтэхшколе. Далейшую прафесійную адукацыю атрымала на крытыка-творчым аддзяленні літаратурнага факультэта Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута і педагагічным аддзяленні літфака педінстытута.

Першыя вершы надрукавала ў 1929 г., а ў хуткім часе сталі з’яўляцца і зборнікі паэзіі. Э. Агняцвет аднолькава яскрава і плённа праявіла сябе ў паэзіі як для дарослых, так і для дзяцей. Сярод зборнікаў паэзіі для дарослых – «Маё пакаленне» (1935), «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Край мой родны» (1945), «Дарога ў будучыню» (1949), «Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і іншыя. Сярод кніг для дзяцей – «Васількі» (1947), «Ля піянерскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Краіна маленства» (1975), «Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Хто пачынае дзень?» (1982), «Буду настаўнікам» (1990) і іншыя. У 1986 г. за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей «На двары алімпіяда» (1984) паэтэса была ўзнагароджана Міжнародным ганаровым дыпломам імя Г. Х. Андэрсена.

Лірызм, вобразнасць, мастацкая дасканаласць, уменне сказаць проста і даходліва пра самае сур’ёзнае, здольнасць надаць твору інтрыгуючы сюжэт – асноўныя рысы таленту Э. Агняцвет.

Паэтэса адкрыла беларускаму чытачу многія цікавыя старонкі паэзіі іншых народаў – французскай, украінскай, літоўскай, узбекскай. Дзякуючы Э. Агняцвет на беларускай мове выйшлі кнігі: «Выбраныя песні» П. Ж. Беранжэ (1960), «Маленькі прынц» А. Экзюперы (1969), «Зямны акіян» Г. Апалінэра (1973), а таксама зборнікі паэзіі для дзяцей: «Сабака з рагаткай» Я. Османіса (1976), «Сорак косак» Г. Сулейманавай (1982), «Я гляджу на зоры» М. Джаліля (1985) і іншыя.

Беларускія кампазітары М. Аладаў, У. Алоўнікаў, А. Багатыроў, Г. Вагнер, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, І. Лучанок склалі музыку да вершаў паэтэсы.

 

НІА