Печать
Категория: Культура

Беларускі паэт і перакладчык Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў нарадзіўся 8 верасня 1938 года ў вёсцы Шарпілаўка Гомельскай вобласці. У 1960 годзе скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, пасля чаго працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе. У 1969 годзе закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве і заняў пасаду загадчыка аддзела літаратуры ў  рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».

З 1971 года Анатоль Сямёнавіч − намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, затым у розныя гады працаваў галоўным рэдактарам часопісаў «Вясёлка», «Бярозка», «Маладосць».

Упершыню выступіў у друку ў 1957 годзе. У 1964 годзе выйшла ў свет першая кніга вершаў «Магістраль».

А. С. Грачанікаў – аўтар зборнікаў паэзіі «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Калі далёка ты...» (1979), «Палессе» (1983), «Верасень» (1984), «Я вас люблю...» (1986), «Жнівень-45» (1990). У 1988 годзе напісаў кніжку сатыры і гумару «Школа танцаў», у тым жа годзе выйшла «Выбранае».

Анатоль Сямёнавіч актыўна пісаў вершы і для дзіцячай аўдыторыі. Ім падрыхтаваны кнігі для дзяцей: «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Валерка і лятаючая талерка» (1983), «Жывая вада» (1985), «Зорны палёт» (вершы, казкі, легенды, 1988).

Творы паэта выйшлі на 23 мовах свету. Вершам уласціва асаблівая мелодыка, мабыць таму, кампазітары любілі ствараць песні на яго словы. Тэматычны дыяпазон вершаў шырокі: мужнасць народа ў час вайны, цяжкасці і нягоды пасляваеннай пары, армейскія будні, вучоба, праца, каханне, і, безумоўна, любоў да радзімы – да Гомельшчыны, да Шарпілаўкі.

А. С. Грачанікаў – вядомы перакладчык. Ім перакладзены на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з Э. Агняцвет, 1985), кнігі вершаў для дзяцей афганскіх паэтаў «Ватан – значыць Радзіма» (1987), М. Пацхішвілі «Рагатун і рагатуха» (1989), а таксама асобныя творы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін. Пісаў таксама і крытычныя артыкулы.

А. С. Грачанікаў – лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, шматлікіх літаратурных прэмій.

Памёр у 1991 годзе, пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

 

НІА