Печать
Категория: Культура

3 ліпеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Рыгора Саламонавіча Бярозкіна – аднаго з нашых выдатнейшых літаратурных крытыкаў. У гонар гэтага юбілею часопіс «Маладосць» разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры правялі вечар памяці «Паэзія – маё жыццё…»

На імпрэзе была прадстаўлена экспазіцыя кніг з дароўнымі надпісамі Рыгора Бярозкіна. Часам павучальныя, часам проста дасціпныя (але заўсёды вельмі далікатныя), гэтыя інскрыпты раскрываюць іх аўтара як інтэлектуала і, разам з тым, шчырага, пазбаўленага снабізма чалавека. Менавіта такім – таленавітым, сціплым і добразычлівым – яго і запомнілі сябры і калегі, успаміны якіх гучалі ў гэты вечар.

Пра яго выключныя прафесійныя і чалавечыя якасці гаварылі галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава і пісьменнік, галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч. Прагучала вельмі важная для разумення феномена Рыгора Саламонавіча думка: некалі кожны літаратар хацеў, каб пра яго напісаў Бярозкін.

 

Нягледзячы на тое, што Рыгор Саламонавіч праславіўся ў якасці крытыка, літаратуразнаўца і паэта, у яго талента была і яшчэ адна грань – перакладчыцкая. Падрабязна пра гэта расказаў вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва паэт Віктар Жыбуль.

 

Вядома ж, што гэта імпрэза не магла абысціся без паэзіі: Маргарыта Латышкевіч выступіла з уласным перакладам на беларускую мову верша Барыса Пастарнака «Плача мой сад» («Плачущий сад») – аднаго з любімых твораў Бярозкіна; Віктар Лупасін прачытаў перакладзены самім Бярозкіным верш Ізі Харыка; прагучаў верш Рыгора Барадуліна “Рыгор Бярозкін”. 

Адной з разынак вечара стала выкананне Міхаілам Бараноўскім музычнай кампазіцыі на верш Алеся Наўроцкага.

 

Па той шчырай зацікаўленасці, якую імпрэза выклікала ў прысутных, можна меркаваць, што імя Рыгора Саламонавіча Бярозкіна назаўсёды ўпісана ў гісторыю беларускай літаратуры.  

Кірыл Мяцеліца