Печать
Категория: Культура

4 жніўня 2017 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Янкі (Івана Антонавіча) Брыля (1917–2006), народнага пісьменніка Беларусі, празаіка, публіцыста, перакладчыка.

Бацька Антон Данілавіч Брыль паходзіў з вёскі Загор’е (Загора) на Навагрудчыне, але ў 1914 годзе апынуўся ў Адэсе, дзе працаваў чыгуначнікам. Там жа ў Адэсе нарадзіўся і Янка. У 1922 годзе сям’я вярнулася ў Загору.

У 1931 годзе Янка Брыль скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, потым паступіў у Навагрудскую гімназію, але матэрыяльныя абставіны не дазволілі яму працягнуць вучобу.

Вельмі рана ў юнака абудзілася жаданне выказаць свае думкі і пачуцці ў вершах, апавяданнях. У выніку ў 1938 годзе на старонках папулярнага ў свой час заходнебеларускага часопіса «Шлях моладзі» з’явіліся першыя літаратурныя спробы – вершы «Апошнія крыгі», «Ажываюць лес і поле…», «Запрог у саху Рыгор сівулю…», «Спатканне». Акрамя таго, Янка Брыль меў яшчэ і арганізатарскі талент, займаўся культурнай і асветніцкай працай. У роднай вёсцы ён стварыў драматычны гурток, ставіў спектаклі і перакладаў на беларускую мову для тэатральнага рэпертуару творы рускіх і польскіх аўтараў. 

У 1939 годзе Я. Брыль быў прызваны ў польскую армію. У якасці кулямётчыка марской пяхоты ён удзельнічаў у баях з нямецкімі захопнікамі, пад Гдыняй трапіў у палон. У лагеры палонных прымусова працаваў рознарабочым, выношваючы думку аб уцёку. Але і ў такіх абставінах творчая работа не спынялася пісьменнікам.

У верасні 1941 года Янка Брыль разам з сябрамі ўцёк з палону дахаты, а ў 1942 годзе стаў сувязным партызанскай групы Ц. Дуднікава, перадаваў звесткі аб дыслакацыі і перамяшчэнні нямецкіх войскаў у Мірскім раёне разведцы партызанскіх брыгад імя Жукава і «Камсамолец». У 1944 годзе, калі сям’я Брылёў пайшла ў партызаны, Янка стаў разведчыкам брыгады «Камсамолец», удзельнічаў у баях. Акрамя таго, быў рэдактарам партызанскай газеты «Сцяг свабоды», наладзіў выданне сатырычнага лістка «Партызанскае жыгала», дзе друкаваў свае вершы, нарысы і фельетоны пад псеўданімамі Я. Пчала, І. Асцюг, Я. Б-ль. 

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе Янка Брыль пераехаў у Мінск, працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», узначальваў аддзел прозы ў сатырычным часопісе «Вожык», быў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя». З мая 1945 года Янка Брыль – член Саюза пісьменнікаў СССР, з 1966 па 1971 гады – сакратар праўлення СП БССР. Двойчы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Першы зборнік твораў Я. Брыля «Апавяданні» быў надрукаваны ў 1946 годзе. Услед за ім убачылі свет «Нёманскія казакі» (1947), «Вераснёвая рунь» (1949), «Ліпка і клёнік» (1949), «Зялёная школа» (1951) і аповесць «У Забалоцці днее» (1951), за якую ў 1952 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. 

На працягу 1950-х гадоў пісьменнік плённа працаваў у жанры аповесці («Сірочы хлеб», «У сям’і», «На Быстранцы»).

За кнігу апавяданняў, замалёвак, нарысаў «Працяг размовы» ў 1963 годзе Я. Брылю была прысуджана Літаратурная прэмія імя Я. Коласа, а ў 1982 годзе за аповесць «Золак, убачаны здалёк» – Дзяржаўная прэмія Беларусі. У рамане «Птушкі і гнёзды» (1964), які ўвабраў у сябе матэрыялы неапублікаваных аповесцей, Я. Брыль адзін з першых паказаў вайну як супярэчлівую з’яву, увёў у беларускую ваенную прозу тэму духоўных каштоўнасцей і праблему выбару арыенціраў. 

Я. Брыль з’яўляецца адным з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі» (1975), напісанай сумесна з А. Адамовічам і У. Калеснікам, у якой сабраны ўспаміны людзей, ацалелых падчас карных аперацый фашыстаў, у выніку якіх былі спалены многія беларускія вёскі разам з іх жыхарамі. 

Сам пісьменнік лічыў сябе перш за ўсё апавядальнікам-малафармістам. Яго лірычныя мініяцюры, нататкі, абразкі атрымалі шырокае прызнанне чытачоў (зборнікі «Жменя сонечных промняў» (1965), «Вітраж» (1972), «Сёння і памяць» (1985), «Вячэрняе» (1994), «Пішу як жыву» (1994), «Сцежкі, дарогі, прастор» (2001) і інш.). 

Іван Антонавіч Брыль вядомы як перакладчык твораў Л. Талстога, А. Чэхава, І. Крылова, П. Бажова, Г. Траяпольскага, А. Даўжэнкі, М. Канапніцкай, Я. Івашкевіча, Э. Ажэшкі, Б. Пруса і іншых. Творы пісьменніка перакладзены на шматлікія мовы народаў свету.

У 1981 годзе Я. Брылю было нададзена званне «Народны пісьменнік Беларусі», з 1994 года ён – Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Дружбы народаў», «Знакам Пашаны», медалямі.

Жыццё Янкі Брыля скончылася 25 ліпеня 2006 года. Адна з вуліц Мінска носіць яго імя. Рукапісы пісьменніка захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. 

 

НІА