Печать
Категория: Культура

У гэтым годзе спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння нашага земляка Марка Шагала – аднаго з самых вядомых мастакоў-авангардыстаў, жывапісца, графіка, тэатральнага мастака, ілюстратара. Ён нарадзіўся 7 ліпеня 1887 года ў Віцебску. Родны горад стаў для Шагала крыніцай натхнення і сілы, месцам, дзе мастак «здабыў фарбу свайго мастацтва».

Малады чалавек трапіў у вір мастацкага жыцця Санкт-Пецярбурга на стыку дзвюх рэвалюцый. Пазнаючы і ўбіраючы ўсё новае, Марк Шагал трымаўся ў баку ад разнастайных аб’яднанняў і груп, пачынаючы фармаваць уласны непаўторны стыль. У 1910 годзе ў маладога мастака з’явілася магчымасць адправіцца на вучобу ў Парыж. Тут Шагал пазнаёміўся з многімі прадстаўнікамі парыжскай багемы, асвоіў прыёмы новых павеваў у выяўленчым мастацтве – кубізму, футурызму, перакройваючы іх на свой лад; тут зрабіў першыя сапраўдныя поспехі, стварыўшы карціны «Скрыпач», «Прысвячэнне маёй нявесце», «Галгофа», «Від Парыжа з акна».

У чэрвені 1914 года ў Берліне прайшла персанальная выстава Марка Шагала, якая ўключыла амаль усе створаныя ў Парыжы карціны і малюнкі, пасля чаго мастак стаў знакамітым. У 1915 годзе адбылося вяселле Марка Шагала і Бэлы Розенфельд, дачкі віцебскага ювеліра. Бэла назаўжды стала першай каханай, жонкай і музай Шагала. У 1916 годзе нарадзілася іх дачка Іда.

У жніўні 1918 года мастак вярнуўся ў Віцебск, дзе арганізаваў Народнае мастацкае вучылішча. Шагал імкнуўся, каб у школе былі прадстаўлены ўсе напрамкі сучаснага мастацтва. У 1920 годзе ён з сям’ёй пакінуў Віцебск і пераехаў у Маскву. У апошні перыяд на радзіме мастаком былі напісаныя палотны «Над горадам», «Шлюб», «Прагулка» і іншыя.

У расійскай сталіцы Марк Шагал прымаў актыўны ўдзел у тэатральным жыцці – рыхтаваў эскізы дэкарацый для спектакляў. Паступова мастак усё мацней стаў адчуваць абыякавасць да сваёй творчасці. У Расіі ў яго назбіралася занадта шмат праблем. У 1922 годзе ён адправіўся з сям’ёй у Берлін.

Летам 1923 года Шагал пераехаў у Парыж, дзе зрабіў ілюстрацыі да «Мёртвых душ» Гогаля. Метафарычна-фантастычная графіка майстра як нельга лепш адлюстроўвала вострую гогалеўскую сатыру.

У Францыю Шагал вярнуўся ў 1948 годзе. У пасляваенныя гады творчасць мастака пастаянна суправаджала біблейская тэма, да выдання французскай Бібліі ён стварыў яшчэ мноства карцін, гравюр, малюнкаў, керамічных малюнкаў, вітражоў, шпалер на біблейскія тэмы. Усё гэта склала «Біблейскае пасланне» мастака свету, спецыяльна для якога ў 1973 годзе ў Ніцы ён адкрыў своеасаблівы музей, а ўрад Францыі прызнаў гэты «храм» афіцыйным нацыянальным музеем.

Творчасць Марка Шагала шануюць ва ўсім свеце. Карціны мастака можна ўбачыць у найбуйнейшых музеях Расіі, Францыі, ЗША. Па ўсім свеце ёсць вуліцы, набярэжныя, мастацкія школы і іншыя аб’екты, названыя яго імем. Мастацтва Марка Шагала дзівіць разнастайнасцю і не паддаецца строгай класіфікацыі. У палотнах майстра праявіліся яго асаблівы светапогляд і рэлігійныя погляды. Таленавіты жывапісец пакінуў след і ў літаратуры: яго паэзія, эсэ і мемуары яшчэ пры жыцці былі апублікаваныя і перакладзеныя на іўрыт, рускую, беларускую, англійскую і французскую мовы. Сусветную славу заваявала аўтабіяграфічная кніга Марка Шагала «Маё жыццё». Дарэчы, у аснове лагатыпа міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» выкарыстаны шагалаўскі васілёк, які з цягам часу стаў вядомым брэндам.

У 1992 годзе быў адкрыты арт-цэнтр Марка Шагала ў Віцебску, створаны адмыслова для працы даследчыкаў творчасці мастака і яго сучаснікаў. З 1 мая па 31 жніўня 2017 года ў арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску працуе выстава «130 гадоў – 130 шэдэўраў. Рэтраспектыва творчасці Марка Шагала са збору музея», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння мастака.

Да юбілею таксама прэзентавалі IV Шагалаўскі зборнік. Зараз Віцебск пагрузіўся ў атмасферу пачатку ХХ стагоддзя: на платах і фасадах з’явіліся паэтычныя і празаічныя цытаты мастака, якія прымушаюць зірнуць на Віцебск па-новаму. 7 ліпеня гасцей чакае арт-перформанс: карціны Шагала ажывуць – ад скрыпачоў на даху да закаханых над горадам.

 

НІА