Печать
Категория: Культура

2 чэрвеня 2017 года ў рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прэзентуе выставу «Скарына – асветнік-гуманіст».

Постаць славутага першадрукара выступае сімвалам беларускага Адраджэння. Выданнем у Празе ў 1517 годзе Бібліі «для народа паспалітага, для навучэння добрага» ён заклаў традыцыі кірылічнага друку, а мову Кнігі кніг навукоўцы адносяць да беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы.

Фотавыстава разгорнута ва ўнутраным дворыку музея, дзе на працягу некалькіх гадоў рэалізуецца культурна-асветная праграма «Стары новы двор». Экспазіцыя «Скарына – асветнік-гуманіст» не навуковы аналіз спадчыны Скарыны, але сваеасаблівая мастацкая прэзентацыя юбілейнай тэмы сродкамі сучаснай фатаграфіі.

У аснове паказу – матэрыялы з фондавых калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: скульптурная выява Скарыны, створаная Эдуардам Астаф’евым; жывапісны партрэт Скарыны, выкананы Пятром Сергіевічам; графічныя аркушы з выявамі беларускіх асветнікаў-гуманістаў Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага, выкананыя Валянцінам і Ліліяй Варэцамі, Арленам Кашкурэвічам, Эдуардам Агуновічам і інш. Шырока прадстаўлены беларускі плакат, прысвечаны дзейнасці асветніка. У якасці прыкладу працягу традыцый кірылічнага друку, закладзеных Скарынам, падаюцца выявы старонак кірылічных выданняў са збору музея, у тым ліку Апостал (пасля 1595), Новы Запавет з Псалтырам (пасля 1611), Актоіх (1646), Азбука (пасля 1781).

Фондавыя матэрыялы дапоўнены фотавыявамі гравюр з Кнігі Царстваў, Кнігі Ісуса Сірахава і інш., якія прадстаўлены для паказу Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Аўтары мастацкай канцэпцыі выставы – Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч, вядомыя шэрагам ілюстраваных выданняў, прысвечаных гісторыка-культурным помнікам Беларусі.

Разлічаная на самую шырокую музейную аўдыторыю, выстава «Скарына – асветнік-гуманіст» будзе працаваць да пачатку кастрычніка.

 

НІА
па матэрыялах Нацыянальнага гістарычнага музея
Рэспублікі Беларусь