Печать
Категория: Культура

Штогод у красавіку праходзіць сацыяльна-культурная акцыя «Бібліяноч», якая мае на мэце папулярызацыю чытання, развіццё бібліятэчнай, музейнай і кніжнай справы, пошук новых фарматаў культурнага адпачынку гараджан. Яна прымеркавана да Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права, які адзначаецца 23 красавіка. Ідэя акцыі зарадзілася ў маі 2011 года, калі ў фестывалі «Ноч музеяў» прыняла ўдзел Маскоўская бібліятэка-чытальня імя І. С. Тургенева. Першая ж «Бібліяноч» прайшла ў 2012 годзе. Зараз гэта кампанія па прапагандзе чытання набыла міжнародны маштаб.

Сёлета «Бібліяноч» пройдзе 21 красавіка. У гэтую пятніцу бібліятэкі, літаратурныя музеі, кніжныя магазіны і іншыя арт-пляцоўкі пашыраюць час і фармат сваёй працы, запрашаючы наведвальнікаў цікава і карысна правесці час у прасторы кніг. У Беларусі сем бібліятэк прапануюць сем незвычайных тэм і каля паўтараста найцікавейшых падзей.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае на «Нефармальны ракурс»: гэта travel-экскурсіі «Будзь з намі!» ды «Book-вандроўкі», а таксама 16 тэматычных пляцовак з насычанай праграмай на любы ўзрост і густ. Так, напрыклад, на пляцоўцы «Свет дзяцінства» маленькіх чытачоў чакае пераўвасабленне з дапамогай аквагрыму, лялечны спектакль, шоу мыльных бурбалак, тэатр «Кропка», роставыя лялькі і васковыя героі мультфільмаў. А на «Начной панараме» можна будзе паслухаць лекцыю астранома аб Сусвеце, лірыку беларускіх аўтараў, атрымаць жартоўны астрапрагноз ад пазітыўнага астролага і асалоду ад жывой музыкі.

Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі ладзіць «Ноч адкрыццяў». У праграме лекцыі, варкшопы і інтэлектуальныя гульні ад праектаў «Навука па-за сябе» і «Папулярная навука па-беларуску», навукова-папулярныя лабараторыі, у ходзе якіх можна будзе не толькі даведацца пра вялікіх вучоных і іх адкрыцці, але і адчуць сябе ў ролі даследчыкаў, па-новаму паглядзець на акаляючы свет. Таксама можна будзе здзейсніць захапляльнае падарожжа ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, у час уздыму навукі і культурнага жыцця краіны, а ў межах праекта «Спеўны сход» у незвычайным фармаце ўспомніць песенную класіку знакамітых «Песняроў».

Тэма «Бібліяночы» ў Фундаментальнай бібліятэцы БДУ – «Стылягі! Ноч! Бібліятэка...». Адпаведны настрой тут будуць ствараць у літаратурна-музычным салоне «Кактэйль-Хол на Кальварыйскай» і танцпляцоўцы «Стыльны аранжавы гальштук», салоне прыгажосці «Каляровы настрой» і Рэтра-Фота-Атэлье, GAME-ZONE і падчас танцавальнага флэш-мобу.

Навуковая бібліятэка БНТУ абрала тэму «Коміксы і фантастыка» і прапануе аматарам гэтых жанраў лекцыйную і кніжную зоны, зоны малявання і гульняў. Гасцямі «Бібліяночы» будуць вядомыя пісьменнікі Людміла Рублеўская, Сяргей Слюсарэнка, Вольга Грамыка і інш. Тут можна будзе прайсці інтэлектуальныя выпрабаванні, стварыць свой міні-комікс або распрацаваць дызайн уласных супергерояў.

У Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэцы адбудзецца «Mirus Medica». Наведвальнікаў чакаюць «Выбух мозгу», «Лекторыум», «Квэсторыум», «Лабірынт», «Меламаній», «Знахаркін закуток» і іншыя пляцоўкі, захапляльныя падарожжы ў часе і прасторы, дзівосная медыцына, цікавыя людзі і чароўная музыка.

У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы сярод «Агнёў вялікага горада» будуць паэтычна-музычная імпрэза «Абрысы», квэст «Скарбніца пакаленняў», «Літаратурнае прадмесце», «Творчы вечар разам з Шапакляк», уручэнне антыгламурнай літаратурнай прэміі «Блакітны свін», кулінарны майстар-клас, сеанс ў рэтра-кінатэатры і інш.

Бібліятэка філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта запрашае на тэму «Блізкія людзі». Наведвальнікаў чакаюць студэнцкі канцэрт «Как здорово, что вместе мы сегодня собрались!», прэзентацыі новых кніг, трансфармуючая гульня «Падарожжа ва ўнутраную прастору», майстар-класы ды вясёлыя гульні.

Уваход на ўсе мерапрыемствы «Бібліяночы» вольны.

 

НІА