Печать
Категория: Культура

Штомесяц музеі горада Мінска ў пэўны дзень прапануюць сваім наведвальнікам бясплатна пазнаёміцца з экспазіцыяй. Вольны ўваход дзейнічае ў дзесяці ўстановах:

 

Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту (Мінскі р-н, в. Азярцо)

Установа адносіцца да тыпу музеяў пад адкрытым небам або музеяў-скансэнаў (адна з формаў захавання і паказу помнікаў гісторыі і культуры ў блізкім да натуральнага асяроддзі).

Бясплатнае наведванне экспазіцый і выстаў музея для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – другая серада кожнага месяца.

 

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20)

Найбуйнейшы ў краіне збор беларускага і замежнага мастацтва. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах знаходзіцца больш за дваццаць сем тысяч твораў, якія фарміруюць дваццаць разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музейныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.

Наведванне пастаяннай экспазіцыі музея, выстаў з фондаў музея і некамерцыйных выстаў бясплатнае для ўсіх катэгорый грамадзян у апошнюю сераду кожнага месяца.

 

Музей гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4)

У музеі можна пазнаёміцца з беларускай кінематаграфіяй, яе пачынальнікамі і этапамі развіцця айчыннай кінакультуры. Акрамя таго, працуе відэазал і кіназал, дзе можна ўбачыць лепшыя карціны айчыннай і замежнай класікі кіно.

Наведаць музей бясплатна можна ў апошні панядзелак месяца.

 

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5)

Музей Якуба Коласа знаходзіцца ў доме, дзе жыў паэт з 1945 па 1956 год. Музейны фонд прадстаўляе асабістыя рэчы паэта, кнігі, фотаздымкі, рукапісы, мастацкія працы, якія раскрываюць вобраз Коласа і герояў яго твораў.

Бясплатны ўваход для адзіночных наведвальнікаў – апошні панядзелак кожнага месяца.

 

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы  (вул. Я. Купалы, 4)

Адзін з самых старэйшых літаратурных музеяў Беларусі. У ім сабрана гістарычная спадчына Янкі Купалы, якая прадстаўлена асабістымі рэчамі, аўтографамі, пажыццёвымі выданнямі, фотаздымкамі і партрэтамі.

Кожны апошні панядзелак месяца ўваход для адзіночных наведвальнікаў бясплатны.

 

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12)

Адзін з найбольш папулярных музеяў краіны. У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі – каля 400 тысяч адзінак. У структуру Нацыянальнага гістарычнага музея таксама ўваходзяць пяць філіялаў – Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

Звяртаем увагу на тое, што, пачынаючы з красавіка 2017 года, дзень бясплатнага наведвання экспазіцый і некамерцыйных выстаў пераносіцца з апошняй серады месяца на першы панядзелак месяца.

 

Мемарыяльны музей-майстэрня З. І. Азгура (вул. Азгура, 8)

Унікальнасць музея, прысвечанага жыццю і творчасці вялікага беларускага скульптара, заключаецца ў тым, што гэта адзіны манаграфічны музей Беларусі. Ён заснаваны на базе прыватнай майстэрні Заіра Азгура і Творчай майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР.

Для наведвальнікаў уваход вольны ў кожную трэцюю сераду месяца.

 

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (пр. Пераможцаў, 8)

Музей з’яўляецца найбуйнейшым у Беларусі сховішчам рэліквій Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя вяртае ў ваенны час, не пакідаюць раўнадушнымі лісты салдат з фронту, дзіцячыя цацкі і прыватныя рэчы вязняў. Уражвае сваімі памерамі і ваенная тэхніка. Завяршэннем экскурсіі становіцца наведванне Залы Перамогі, дзе на сценах увекавечаны імёны герояў вайны.

Наведванне пастаяннай экспазіцыі музея кожны трэці аўторак месяца бясплатнае, фота і відэа аплачваюцца асобна.

 

Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь (зав. Музычны, 5)

У музеі прадстаўлены копіі і муляжы рукапісных хрысціянскіх зборнікаў песнапенняў, макет сцэны школьнага тэатра, гравюры і нотныя рукапісы. Сярод экспанатаў – партрэты В. Дуніна-Марцінкевіча і С. Манюшкі, макет дэкарацыі і эскізы да спектакля «Пінская шляхта», афішы і эскізы касцюмаў да оперы «Галька», копіі нотных рукапісаў С. Манюшкі. Асаблівую ўвагу прыцягваюць да сябе матэрыялы, якія распавядаюць аб тэатральнай дзейнасці таленавітай прадстаўніцы вядомага беларускага магнацкага роду Радзівілаў Уршулі Радзівіл.

Бясплатны ўваход для індывідуальных наведвальнікаў – у першы панядзелак кожнага месяца.

 

Літаратурны музей Петруся Броўкі (вул. К. Маркса, 30)

Экспазіцыя музея складаецца з дакументальнай і мемарыяльнай частак. Дакументальная падрабязна знаёміць з жыццёвым і творчым шляхам П. Броўкі, з маляўнічымі краявідамі тых найпрыгажэйшых мясцін, дзе ён нарадзіўся і пабываў. Мемарыяльная частка – гэта бібліятэка і рабочы кабінет П. Броўкі – той інтэр’ер, дзе ўсе рэчы і мэбля стаяць на сваіх месцах, як і пры жыцці паэта. Асабістая бібліятэка П. Броўкі захоўвае творы мастацкай літаратуры ад старажытнарымскіх часоў да 1980 года. Гэта кнігі замежных аўтараў у перакладзе на беларускую або рускую мову, беларуская і руская савецкая літаратура, класічная і пасляваенная літаратура.

Сярод экспанатаў – рукапісы і аўтографы П. Броўкі, яго родных, сяброў і сучаснікаў, машынапісныя варыянты кніг, лісты і паштоўкі, нотныя рукапісы на словы паэта. Цікавасць таксама выклікаюць карціны, падараваныя П. Броўку, графічныя аркушы з ілюстрацыямі да яго твораў.

Бясплатны дзень – першая серада месяца.

 

НІА