Печать
Категория: Культура

Штогод па рашэнні ЮНЕСКА 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён закліканы паказаць моўную ды культурную разнастайнасць народаў свету і накіраваны на захаванне нацыянальнай самабытнасці.

Для большасці жыхароў Рэспублікі Беларусь роднай з’яўляецца беларуская мова. «Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, – пісаў яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя Францішак Багушэвіч. – Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы».

Беларуская мова – эта люстэрка нашага нацыянальнага характару і найбагацейшы культурны скарб.

 

***

Уладзімір Дубоўка

Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

Матчын дарунак ад самай калыскі,

ты самацветаў яскравая нізка.

 

Кожны з іх барвы дзівосныя мае,

вечным агнём зіхаціць – не згарае.

Ты мне заўсёды была дапамогай,

дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.

 

Чую ў табе перазвоны крыніцы,

чую ў табе і раскат навальніцы,

чую павевы зялёнага бору,

водгулле працы у родным прасторы.

 

Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,

кожнае слова вякамі стварана.

І на вякі яно жыць застаецца,

вечнае так, як народнае сэрца.

 

***

Кастусь Цвірка «Перлы роднай зямлі»

Абрус — абцас — азярод — арэлі...

Вясёлка — вырай — вярба — ваўчкі...

Як міла пазвоньваюць, сэрца грэючы,

Чыстых бацькаўскіх слоў ланцужкі!

 

Зямлі маёй перлы, дзе ix адшукалі?

Спытай у магіл:

Удзень i ўначы

Іх, з бурамі дужаючыся, здабывалі

Людзі простыя — крывічы.

 

Каб ярка свяцілася перлінка-слова,

Каб людзям зіхцела — на ўсе бакі,

Яго шліфавалі як след, адмыслова

Найлепшыя ў свеце тачылы — вякі.

 

Ды лезлі чужынцы — мой край

прысвойваць —

I ўсюды (бо трос душы чорныя страх)

Знішчалі агнём беларускае слова,

Палячы геніяў на кастрах.

 

Але ўратаваў люд мой слова ад згубы

І, гонячы катаў ад родных бяроз,

Праз далеч стагоддзяў сівых —

З губ у губы —

Да нас, незамутненае, данёс.

 

Як скарб дарагі,

Перададзены ў спадчыну,

У сэрцы хавае народ мой ад здрад

Праменнае звонкае слова матчына

Для песень сонечных i балад!

 

***

Аляксей Зарыцкі

Мова,

Пявучая родная мова,

Ты – уладарка нявызнаных скарбаў.

Столькі значэнняў, гучанняў і фарбаў

Мае ў сабе тваё кожнае слова.

Іншае слова напоўнена плёскам

Хвалі дняпроўскай.

Іншае слова такое,

Што рэха лясное

У яго глыбінях затоена,

Ёсць і як мёд залатое, густое,

На травах яно духмяных настоена.

Ціха гучаць у мове маёй

Словы пяшчотныя,

Словы крынічныя,

Росныя.

Чуюцца ў ёй –

І грымотныя,

Зычныя.

Водгулле бітваў грознае.

Часам бывае – заззяе неспадзявана

Новаю зоркаю слова-абнова.

Колькі ў табе нявызнаных скарбаў схавана,

Мова мая,

Пявучая родная мова.

 

***

Ларыса Геніюш «Наша мова»

Мова родная, мова дзядоў!

Іншай мовы мы сэрцам не чуем.

Мілагучнасцю любых нам слоў.

Быццам музыкай душу чаруем.

 

Мы за вокнамі дзень залаты,

Нашых рэкаў пявучыя хвалі,

Роднай хаты святыя куты

Ў гэтай мове раз першы назвалі.

 

Наша мова – спатканне,

З казкай, ў цудным дзецкім сне.

Наша мова – каханне, што прыходзіць да мяне.

 

Любай песняй старою гучыш,

З-над калыскі, за гадоў тых дзяціных;

Салаўіным разлівам ўначы,

Звонам хваляў прыткой ручаіны.

 

З-пад вясковых прыветлівых стрэх

Мілагучна звініш ад світання;

Бы дзявочы, рассыпчысты смех,

Быццам першае ў сэрцы каханне!

 

Наша мова – спатканне,

З казкай, ў цудным дзецкім сне,

Наша мова – каханне, што прыходзіць да мяне.

 

Святы прадзедаў ты нам адказ,

Якім слаўна ў харомах гудзела!

Ты як неба, як сонца для нас –

Быццам наквеццю сад заінелы.

 

Мова родная, мова дзядоў!

Іншай мовы мы сэрцам ня чуем.

Мілагучнасцю любых нам слоў,

Быццам музыкай душу чаруем.

 

***

Мікола Арочка «Хлеб роднай мовы»

Шчодрым дамашнім богам

Ляжыць на стале маім бохан —

Па зярнятку з вякоў назапашаны,

У дзяжы ліхалеццяў заквашаны,

Замяшаны на мудрасці, поце

I апалены духам на подзе

Жыцця!

 

Як ніколі я сёння жадзён яму,

Гэтаму хлебу надзённаму!

Лусту кладу на настольніцы,

Крою дзецям: ешце па поўніцы!

Калі выпадзе з рук — абдзьмухніце,

Не кідайцеся ім, не тапчыце!

Наядайцеся змалку ўволю,

Каб ён вечна вам пах

Родным полем,

Баравінай, зялёнай лагчынай

I рукамі матулі,

Айчынай!

 

Вядучая «Паэтычнай старонкі»
Інга Пінголь,
метадыст І катэгорыі
ўпраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг НІА