Печать
Категория: Экология

7 верасня 2019 года адбудзецца XVI Адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўнай арніталогіі – BirdRace–2019.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Гэта спаборніцтва па назіранні за птушкамі, у якім удзельнікі цягам 12 гадзін імкнуцца знайсці і пабачыць як мага больш відаў птушак.

Гонка за птушкамі адбываецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі: можна карыстацца любымі транспартнымі сродкамі і, вядома, оптыкай. Таксама можна вызначыць птушку па голасе і залічыць сабе гэты від, але толькі пры ўмове, што ўсе сябры каманды яе пачулі. Каманда, якая назбірае самую вялікую колькасць відаў, перамагае.

Для ўдзелу ў чэмпіянаце неабходна сабраць каманду з 3-х ці 4-х чалавек (можа быць толькі адзін удзельнік , якому менш за 18 гадоў). А 7 верасня з 6 да 18 гадзін каманда адпраўляецца ў падарожжа па Беларусі, каб пабачыць ці пачуць як мага болей відаў птушак. Да слова, летась каманда-пераможца «Чижики на пыжике» за 12 гадзін пабачыла / пачула 110 відаў птушак.

Для матывацыі ўдзелу пачаткоўцаў уведзена пяць намінацый: на веласіпедзе, пешкам, у межах аднаго населенага пункта, за самую арыгінальную назву каманды і за самы арыгінальны фотаздымак каманды.

12-гадзінная гонка за птушкамі – гэта не толькі азартныя спаборніцтвы, але і магчымасць зрабіць унёсак у навуку і развіццё беларускай арніталогіі: падчас BirdRace збіраецца ўнікальная інфармацыя пра тэрміны міграцыі і відавы склад. Штогод удзельнікі сустракаюць рэдкія віды птушак.

Аргкамітэт чэмпіянату ладзіць 7 верасня сяброўскую сустрэчу каманд пасля фінішу для падвядзення вынікаў. Удзельнічаць у ёй зусім неабавязкова, бо каманда можа фінішаваць, дзе захоча. Але пажадана планаваць свае маршруты так, каб прыехаць на сустрэчу. Такія сустрэчы ўжо праходзілі ў Кобрыне і Мінску. Заўсёды цікава адразу пасля чэмпіянату даведацца, як і дзе ўдзельнічалі астатнія каманды, якія іх вынікі, якія і дзе назіраліся рэдкія віды птушак. Таксама гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з аднадумцамі і наладзіць новыя кантакты.

Сяброўская сустрэча каманд пасля спаборніцтваў пройдзе на аграсядзібе «Залессе» (в. Залессе, Пружанскі раён Брэсцкай вобласці). Больш падрабязна пра правілы BirdRace–2019 можна прачытаць тут, а зарэгістравацца – тут.

НІА
па матэрыялах сайта https://ptushki.org