ІІ тур конкурсу біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, завяршае збор твораў 31 кастрычніка 2019 года. Часу застаецца не так і шмат, але і не так ужо мала. Застаецца пераглядзець, перачытаць, перапісаць, пераправерыць, пераадолець, перастварыць. Пераадолець апошнія страхі-сумненні, каб адчуць у сабе сілы перастварыць біяграфію слаўнага чалавека мінуўшчыны.

Нагадаем, што на адрас арганізатараў паступілі 32 заяўкі. Узрост удзельнікаў – ад 14 да 61 года. Школьніца, аспірант, маладая мама, прадстаўнікі навукова-даследчыцкай, культурнай і сацыяльнай сфер, перакладчыкі, журналісты, рэдактары друкаваных СМІ і інтэрнет-рэсурсаў, выкладчыкі, студэнты-філолагі, студэнты-гісторыкі, студэнты-юрысты. Слаўная кампанія, іншымі словамі. Пра Кастуся Каліноўскага пішуць пяць канкурсантаў, пра Франца Савіча – чатыры, па тры ўдзельнікі задзейнічаны ў стварэнні жыццяпісаў Войслава Савіч-Заблоцкага, Уладзіслава Сыракомлі, Адама Гурыновіча, Элізы Ажэшкі і Зофьі Манькоўскай; па двое адначасова выводзяць мастацкія біяграфіі Вінцэся Каратынскага, Альгерда Абуховіча і Францішка Багушэвіча, зусім без «канкурэнтаў» працуюць тыя, хто ўзяўся за вывучэнне лёсаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Арцёма Вярыгі-Дарэўскага.

Паколькі конкурс праводзіцца пад патранатам арганізатараў – кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ і рэдакцыі часопіса «Маладосць», – некаторыя ўдзельнікі выкарысталі сваё права выслаць твор для папярэдняга прачытання і атрымалі карысныя заўвагі і прапановы.

Арганізатары нагадваюць пра важнасць конкурсу для нашай краіны і настройваюць на сур’ёзную, адказную працу кожнага, хто адчуў у сабе моц яе здзейсніць, жадаюць канкурсантам цярпення і ўпартасці, патрабавальнасці да сябе і ўважлівасці да крыніц, невычэрпнага натхнення і веры ў поспех.

 

Рэдакцыя часопіса «Маладосць»