Печать
Категория: Благотворительные акции

Нацыянальная бібліятэка Беларусі на працягу 2019 года праводзіць дабрачынную акцыю «Чытанне – прастора інфармацыі і ведаў».

Мерапрыемства скіравана на папаўненне фондаў бібліятэк рэспублікі (устаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі) мастацкімі, навукова-папулярнымі, вучэбнымі, вучэбна-метадычнымі, даведачнымі, энцыклапедычнымі і іншымі выданнямі, якія маюць культурнае значэнне для айчыннай адукацыйнай прасторы.

У акцыі выкарыстоўваюцца дакументы, якія ўжо перададзены Прэзідэнцкай бібліятэкай, Рэспубліканскай навукова-медыцынскай бібліятэкай, Фундаментальнай бібліятэкай БДУ, бібліятэкамі БДЭУ і БДУКМ, раённымі бібліятэкамі краіны і якія паступаюць з іншых устаноў і арганізацый.

З пачатку года Нацыянальная бібліятэка Беларусі адправіла ўжо каля 14 тысяч экзэмпляраў выданняў 125 бібліятэкам сярэдніх школ, гімназій і каледжаў Баранавічаў, Брэста, Вілейкі, Віцебска, Гродна, Жодзіна, Лунінца, Мінска, Міра, Магілёва, Оршы, Пінска, Светлагорска, Салігорска і інш.

У прыватнасці, у Брэсцкую вобласць даставілі 500 выданняў, у Гродзенскую – 700, у Аршанскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму – больш за 700. Таксама больш за 900 экзэмпляраў мастацкай, энцыклапедычнай, даведачнай і вучэбнай літаратуры атрымалі бібліятэкі Мінскага каледжа прадпрымальніцтва і Мінскага гандлёвага каледжа.

Прэзентаваныя камплекты сабраны НББ пры актыўным удзеле выдавецтваў «Пачатковая школа», «Народная асвета», «Беларусь», кнігагандлёвых арганізацый «БукЛайнГрупп», «БелтаймКнига», «Мобилбук», «Красико-Принт», «Питер-М», «Эврика-М» і Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі заклікае ўсіх неабыякавых людзей далучыцца да высакароднай справы папулярызацыі кнігі і чытання.

 

НІА
па матэрыялах сайта
Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі