Змест навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» традыцыйна акрэсліваецца шырокімі прафесійнымі запатрабаваннямі яго чытачоў. Кожны нумар змяшчае публікацыі актуальных навуковых даследаванняў у літаратуразнаўстве, мовазнаўстве, педагогіцы, мастацтвазнаўстве і культуралогіі, а таксама матэрыялы, неабходныя ў штодзённай працы настаўніка-філолага: метадычныя распрацоўкі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, матэрыялы для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, тэматычнага кантролю, прадметных алімпіяд.

Гэта грунтоўная падтрымка на шляху прафесійнага ўдасканалення для тых, хто навучае і навучаецца роднаму слову, хто цікавіцца нацыянальнай культурай і яе гісторыяй, бачыць іх важнасць у выхаванні, хто не забываецца пра самаадукацыю і не спыняецца ў развіцці.

У Год гістарычнай памяці часопіс прэзентуе праект «І мудрасці, і ведаў храм», прымеркаваны да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэтая знакавая падзея ў культурным жыцці краіны – добрая нагода яшчэ раз звярнуцца да скарбаў айчыннага пісьменства, асэнсаваць традыцыі і адметнасць беларускай Кнігі, дакрануцца да гісторыі і таямніц найстарэйшага кнігасховішча, даведацца пра цікавосткі кнігазбораў сучасных літаратараў і пісьменнікаў-класікаў.

Публікацыі праекта, які ажыццяўляецца пры падтрымцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, вылучаюцца практычным патэнцыялам, прызначаны актуалізацыі міжпрадметных сувязей і могуць паслужыць асновай для метадычных распрацовак урокаў беларускай літаратуры і пазакласных мерапрыемстваў, скіраваных на нацыянальна-духоўнае выхаванне моладзі. Так, напрыклад, рубрыка «Кніжныя гісторыі» дае багаты матэрыял для новага прачытання творчасці аўтараў, чыя літаратурная спадчына вывучаецца ў школе (у лютаўскім нумары надрукаваны аповед пра загадкі хатняй бібліятэкі Міхася Стральцова, чыё 85-годдзе адзначаецца ў гэтым годзе; наперадзе знаёмства з лёсам бібліятэк Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пімена Панчанкі, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і інш.). А каляровыя рэпрадукцыі твораў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, аб’яднаныя кніжнай тэматыкай, набліжаюць да рэдкіх узораў выяўленчага мастацтва і будуць доўга натхняць і настаўнікаў, і вучняў.

Са зместам лютаўскага нумара часопіса «Роднае слова» можна азнаёміцца тут.

 

НІА