У 2018 годзе ў нашай краіне будуць праводзіцца міжнародныя маніторынгавыя даследаванні па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (PISA). У папярэдніх нумарах часопіса «Пачатковая школа» ўжо друкаваліся дыдактычныя і дыягнастычныя заданні, якія адпавядаюць падыходам гэтай міжнароднай праграмы. Зараз прапануем метадычныя рэкамендацыі па ацэнцы вынікаў вучэбнай дзейнасці чацвёртакласнікаў з выкарыстаннем дыягнастычных матэрыялаў па прадмеце «Матэматыка». Аўтары праграмы і падручніка (М. А. Урбан, Г. Л. Мураўёва) падабралі задачы з улікам кампетэнтнаснага падыходу, а таксама распрацавалі шаблон апрацоўкі вынікаў кантрольнай работы – ён змешчаны ў мультымедыйным дадатку.

Метадычныя рэкамендацыі да правядзення ўрокаў беларускага і рускага літаратурнага чытання для 2 і 3 класаў, а таксама да прадмета «Чалавек і свет» у 1 класе прапануюць аўтары новых падручнікаў – М. В. Жуковіч, Н. У. Антонава, Г. А. Галяш, Т. С. Куцанава, В. С. Варапаева, Г. У. Трафімава, С. А. Трафімаў.

Карыснай для педагогаў з’яўляецца сістэма практыкаванняў для фарміравання графічных уменняў і навыкаў, у якой прадстаўлены ўсе літары – гэтыя хвілінкі чыстапісання для ўрокаў беларускай мовы падрыхтаваны з апорай на вершы вядомых паэтаў.

У рубрыцы «Адрасы перадавога вопыту» педагагічны калектыў гімназіі № 1 г. Жлобіна знаёміць з вопытам падрыхтоўкі і правядзення «перакуленых урокаў».

На каляровай укладцы змешчаны постар «Сложение и вычитание в пределах 100», да яго на старонцы часопіса аўтар-распрацоўшчык Г. М. Бітно дае метадычны каментарый. Гэты дапаможнік спрыяе фарміраванню ў вучняў навыкаў вуснага лічэння, замацаванню паняццяў «цотныя і няцотныя лікі».

На дадатковай укладцы «У дапамогу намесніку дырэктара» прапануецца ўзор напісання аналітычнай інфармацыі паводле праведзенага ўнутрышкольнага кантролю за станам выкладання вучэбных прадметаў «Беларуская мова» і «Літаратурнае чытанне».

Змест мультымедыйнага дадатку спрыяе павышэнню эфектыўнасці адукацыйнага працэсу:

  • мультымедыйныя прэзентацыі да матэрыялаў часопіса;
  • урокі матэматыкі і выяўленчага мастацтва;
  • прадметныя і сюжэтныя фотаздымкі, літаратурны матэрыял да факультатыўных заняткаў «Вытокі роднай мовы» (II клас);
  • віртуальная экскурсія ў Нясвіжскі замак;
  • інтэрактыўныя заданні на замацаванне ведаў аб замках і палацах Беларусі.

 

 

 

НІА