Печать
Категория: Актуальная информация

Чытанне спрыяе засваенню жыццёва важнай інфармацыі. Без яго немагчыма інтэграцыя асобы ў нацыянальную і агульначалавечую культуру. Ад узроўню развіцця культуры, як вядома, наўпрост залежаць усе бакі функцыянавання дзяржавы і грамадства.

Зніжэнне інтарэсу да чытання вядзе да дэфіцыту ведаў і здольнасцей да крэатыўнай дзейнасці як у прафесійным, так і ў асабістым жыцці. Сёння гэта тэндэнцыя назіраецца ва ўсім свеце. У многіх краінах робяцца актыўныя захады па супрацьстаянні гэтым працэсам, прычым адна з ключавых роляў адводзіцца падтрымцы і развіццю культуры чытання.

Стварэнне ўмоў для развіцця чытацкай культуры патрабуе пастаянных намаганняў і сістэмнай працы. Сёння ў Беларусі маюцца шырокія магчымасці для папулярызацыі чытання як важнага кампанента культуры асобы і грамадства ў цэлым. Актыўна працуюць прафесійныя літаратары – пісьменнікі, перакладчыкі, літаратурныя крытыкі, літаратуразнаўцы. Рэгулярна праводзяцца кніжныя ярмаркі і выставы. Высокія ацэнкі на рэспубліканскіх і міжнародных форумах атрымлівае праца беларускіх кнігавыдаўцоў, сродкаў масавай інфармацыі. З кожным годам павялічваецца колькасць праектаў і ініцыятыў, скіраваных на далучэнне да чытання прадстаўнікоў самых розных пакаленняў.

13 кастрычніка 2016 года на Рэспубліканскім форуме «Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання», арганізатарамі якога выступілі Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрстава адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом „Звязда“», Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», Установа «Рэдакцыя газеты „Настаўніцкая газета“», адбылася афіцыйная прэзентацыя інтэрнэт-рэсурсу «КнiгаСвет» (http://knigasvet.adu.by).

Рэсурс быў распрацаваны ў межах інавацыйнага паводле шляхоў і сродкаў рэалізацыі рэспубліканскага інфармацыйна-асветніцкага праекта «КнігаСвет» і мае на мэце стварэнне ўмоў для шматвектарнага развіцця культуры чытання беларускага грамадства, інтэнсіфікацыі працэсаў, звязаных з выхаваннем кампетэнтнага, кваліфікаванага чытача на працягу ўсяго жыцця, а таксама для фарміравання і развіцця адкрытага інавацыйнага асяроддзя, арыентаванага на актыўнае ўзаемадзеянне ўсіх, хто зацікаўлены ў росце прэстыжнасці літаратуры і чытання як нацыянальнай культурнай каштоўнасці (чытачоў розных узростаў, літаратараў, выдаўцоў, бібліятэкараў, педагогаў, навучэнцаў і інш.).

У складзе рэсурсу на пачатковым этапе функцыянуюць раздзелы (іх кола можа пашырацца) «Літаратурны подыум», «Арт-сустрэчы», «Бенефіс кнігі», «Літаратурны агляд», «Літаратурная вітрына», «Літаратурныя віражы», «Літаратурныя дэбаты», «Літаратурны дэбют», «Літаратурныя курсы», «Літаратурныя эксперыменты» і інш.

На інтэрнэт-рэсурсе мяркуецца размяшчаць тэкставыя, фота-, прэзентацыйныя і відэаматэрыялы, электронныя выданні, спасылкі на электронныя інфармацыйныя рэсурсы, інфармацыю для супрацоўніцтва (партнёрства, міжнародныя праекты, ініцыятывы і інш.). Таксама можна будзе знайсці спасылкі на навуковыя выданні (часопісы, манаграфіі, зборнікі прац), анаціраваныя спасылкі на карысныя сайты, базы даных, электронныя бібліятэкі, віртуальныя музеі, выставы, архівы, пошукавыя сістэмы і г. д.

Як праект інавацыйнага кшталту «КнігаСвет» будзе ўтрымліваць інтэрактыўныя сервісы: форумы, інтэрнэт-гасцёўні, пляцоўкі для правядзення анлайн-канферэнцый, конкурсаў, літаратурных фестываляў і г. д.

Інтэрнэт-рэсурс значна пашырае спектр магчымасцяў карыстальнікаў і ў сферы задавальнення культурна-інфармацыйных запытаў, і ў аспекце пашырэння прафесійных задач у межах віртуальных суполак. Наведвальнікі рэсурсу маюць магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні актуальных пытанняў, звязаных з сучасным літаратурным працэсам, творчасцю, ацэнкай літаратурных дасягненняў і г. д. Аўтары розных узростаў могуць прадстаўляць на старонках рэсурсу свае творчыя працы, выступаць з ініцыятывамі, атрымліваць зваротную сувязь ад чытачоў.

Iнтэрнэт-рэсурс «КнiгаСвет» (http://knigasvet.adu.by) пачаў працу ў складзе нацыянальнага адукацыйнага партала http://adu.by.

Сегменты рэсурсу адкрыты для ўсіх карыстальнікаў, якія знаходзяцца як у Беларусі, так і за яе межамі. Усіх зацікаўленых запрашаем наведаць наш рэсурс!

 

Падрабязней з матэрыяламі Рэспубліканскага форуму «Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання» можна пазнаёміцца тут.

 

НІА