Напярэдадні святкавання «Тыдня бацькоўскай любові», які ўпершыню адзначаецца ў Беларусі з 14 па 21 кастрычніка, у кнігарні «Светач» адбылася ўрачыстая прэзентацыя кнігі «Бацькоўскі дар», выдадзенай у рамках праекта «Сямейнае чытанне».
Мэта гэтага праекта – дапамагчы бацькам усвядоміць ролю сумеснага чытання ў развіцці і выхаванні дзяцей. Сумеснае чытанне ўмацоўвае маральныя асновы сям’і, аб’ядноўвае розныя пакаленні, выхоўвае любоў да Радзімы.
Новая кніга праекта «Бацькоўскі дар» – унікальны падарунак выдавецтва «Народная асвета» і Беларускага саюза жанчын усім беларускім сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, і адначасова выражэнне ўдзячнасці бацькам за іх любоў і клопат, дабрыню і пяшчоту.
Змест кнігі складаюць творы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэта кніга ўнікальная і тым, што выданне, прымеркаванае да 140-годдзя з дня нараджэння нацыянальных паэтаў, стала данінай памяці вялікім песнярам.
Раім бацькам набыць гэту кнігу, каб самім перачытаць неўміручыя радкі класікаў і атрымаць асалоду ад яе сумеснага чытання са сваімі дзецьмі. Гэта выданне не толькі папоўніць сямейную бібліятэку, а і стане своеасаблівай энцыклапедыяй для пошуку адказаў на тыя пытанні, якія хвалююць сучасных дзяцей.
НІА