Печать
Категория: Новостная лента

Так называецца зборнік апошніх твораў вядомага беларускага празаіка, публіцыста, перакладчыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа Барыса Сачанкі (1936–1995). Кніга выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» да ягонага 80‑годдзя, якое адзначаецца 15 мая.

Барыс Сачанка належыць да легендарнага пакалення «шасцідзесятнікаў», якое прыйшло ў літаратуру і мастацтва ў гады хрушчоўскай адлігі і напоўніцу выкарыстала магчымасці, якія адкрыла гарбачоўская перабудова і галоснасць.

Нарадзіўся ён 15 мая 1936 года ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна. У маленстве зведаў увесь жах вайны. Вёску фашысты спалілі, сям’ю вывезлі ў Германію. Вызвалілі іх амерыканцы. Клікалі за акіян. Але Сачанкі вярнуліся на Беларусь, у спаленую вёску. Жыццё пачыналася наноў.

Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі БДУ Барыс Сачанка працаваў у часопісах «Вожык», «Полымя», быў сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, загадчыкам аддзела ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», узначальваў выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя».

Барыс Сачанка адным з першых напісаў пра вайну, якой убачылі і адчулі яе дзеці, ёсць у яго творы і пра далёкую гісторыю, і пра сучаснасць. Ён пісаў праўду пра Чарнобыль, які апаліў і ягоную родную вёску, сабраў і апублікаваў творы многіх рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў, шмат часу аддаў на пошукі разгадкі смерці Янкі Купалы, адкрыў для чытачоў літаратуру беларускага замежжа. Дзякуючы яму ўбачылі свет першыя за савецкім часам зборнікі твораў Уладзіміра Набокава, Фёдара Салагуба і іншых напалову забытых выдатных пісьменнікаў. Барыс Сачанка стаяў ля вытокаў выдання 18-томнай Беларускай Энцыклапедыі. Шмат зрабіў для папулярызацыі беларускай мовы і культуры. Ён прадстаўляў Беларусь на Сесіі ААН, пакінуў цікавыя нататкі пра ЗША, Галандыю, Францыю, іншыя краіны, дзе яму даводзілася бываць.

Барыс Сачанка – аўтар кніг прозы «Дарога ішла праз лес», «Барвы ранняй восені», «Зямля маіх продкаў», «Пакуль не развіднела», «Апошнія і першыя», «Дарогі», «Аксана», «Памяць», «Тры аповесці», «Ваўчыца з Чортавай Ямы», «Горкая радасць вяртання», «Вечны кругазварот», «Родны кут», рамана «Чужое неба», трылогіі «Вялікі лес», кніг гумару і сатыры «Вол-фігурыст», «Халасцяк», кніг крытыкі і эсэістыкі «Жывое жыццё», «Сняцца сны аб Беларусі…», кніг для дзяцей «Кошык малін», «Бабка Адарка». Апошні зборнік, які паспеў скласці Барыс Сачанка, – захапляючае падарожжа па лабірынтах гісторыі і чалавечай душы.

У. А. Капцаў,
кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт
(упраўленне дыстанцыйных адукацыйных паслуг НІА)