З 8 чэрвеня па 2 жніўня 2020 года ў зале прававой інфармацыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрыта выстаўка «Праблемы наркаманіі скрозь прызму права», прысвечаная Міжнароднаму дню барацьбы з ужываннем наркотыкаў і іх незаконным абаротам.

З мэтай забеспячэння абароны жыцця і здароўя грамадзян Рэспублікі Беларусь, стварэння ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спынення распаўсюджвання наркаманіі як пагрозы для дэмаграфіі і здароўя нацыі, забеспячэння бяспекі грамадства і дзяржавы, 28 снежня 2014 г. быў прыняты Дэкрэт № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў», які ўступіў у сілу 1 студзеня 2015 г. i замацаваў шэраг антынаркатычных ініцыятыў. Дэкрэт прадугледжвае як удасканаленне ўжо існуючага нацыянальнага заканадаўства, так і шэраг новаўвядзенняў, якія не маюць аналагаў у нормах міжнароднага антынаркатычнага права.

Высокая ступень грамадскай небяспекі распаўсюджвання наркотыкаў прымусіла зрабіць больш жорсткай крымінальную адказнасць за падобныя злачынствы. З 4 лютага 2015 года ўступілі ў сілу дапаўненні і змены ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія зрабілі больш жорсткай крымінальную адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Так, павялічаны максімальны тэрмін пазбаўлення волі за збыт наркотыкаў заведама непаўнагадоваму – да 15 гадоў, уведзена крымінальная адказнасць за дзеянні, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку спажывання ім наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў. З прафілактычнымі мэтамі мінімальны ўзрост, з якога наступае адказнасць за збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў, зніжаны да 14 гадоў (раней быў з 16 гадоў).

Трэба адзначыць, што ў апошнія гады ў Рэспубліцы Беларусь скарацілася колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам і спажываннем наркотыкаў, у тым ліку з удзелам непаўналетніх, асаблівую пагрозу сёння ўяўляе фарміраванне пранаркатычнай свядомасці, перш за ўсё ў маладых людзей.

 На выставе прадстаўлена больш за 100 кніг, аўтарэфератаў, перыядычных выданняў. Яна ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Міжнароднае супрацоўніцтва ў барацьбе з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.
  • Крымінальная адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў: расійскі і замежны вопыт.
  • Удасканаленне антынаркатычнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.
  • Праблемы папярэджання і процідзеяння наркаманіі сярод моладзі.

 

 

НІА
паводле матэрыялаў партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі