Печать
Категория: Новостная лента

18 кастрычніка 2017 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Аб мерапрыемствах, накіраваных на  ўзмацненне камунікацыі з творчай моладдзю» з мэтай пазнаёміць творчую супольнасць, у прыватнасці таленавітую моладзь, з новымі праектамі.

Адкрыў мерапрыемства ўступным словам Павел Якаўлевіч Сухарукаў, дырэктар – галоўны рэдактар РВУ «Выдавецкі дом „Звязда“». Ён адзначыў, што таленавітая моладзь Беларусі мае ўсе ўмовы для творчага развіцця, а такія часопісы, як «Маладосць» і «Бярозка», з’яўляюцца выдатнымі стартавымі пляцоўкамі для тых, хто пачынае свой шлях у літаратуры.

Пасля выступіла Святлана Дзмітрыеўна Воцінава, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць», з анонсам новых праектаў MALADOST-Unlimited. Па сутнасці, гэта пакет электронных тэматычных зборнікаў, створаных па матэрыялах, друкаваных у часопісе ў розныя часы. Кожны зборнік звярстаны ў фармаце электроннай кнігі. На дадзены момант плануецца сем такіх зборнікаў: Maladost-arch (самыя цікавыя публікацыі мінулых дзесяцігоддзяў), Maladost-non-fiction (самыя актуальныя артыкулы), Maladost-fiction (проза), Maladost-fan (фантастыка і фэнтэзі), Maladost-trans (пераклады), Maladost-smile (гумар), Maladost-history (гістарычныя матэрыялы). Ідэя праекта запазычана ў амерыканскай газеты «The New York Times». Праект MALADOST-Unlimited будзе прадстаўлены чытачам у 2018 годзе. Пакуль што падрыхтаваны першы зборнік серыі Maladost-smile, які ў бліжэйшы час з’явіцца ў продажы на сайце https://www.belpressa.by/.

Акрамя таго, Святлана Дзмітрыеўна адзначыла, што часопісу «Маладосць» спаўняецца 65 гадоў, і звярнула ўвагу прысутных на нумар часопіса ад 1957 года, які рэдактар прынесла ў залу.

Пра Рэспубліканскі конкурс літаратурнай творчасці студэнтаў і школьнікаў «БрамаМар» і яго састаўную частку «БрамаМар-юні» і пра парадак правядзення конкурсу расказалі Маргарыта Юр’еўна Латышкевіч, рэдактар аддзела прозы «Маладосці», і Кацярына Вячаславаўна Захарэвіч, галоўны рэдактар «Бярозкі». Кацярына Захарэвіч адзначыла, што лепшыя конкурсныя творы будуць надрукаваны ў часопісах «Маладосць» і «Бярозка».

Алесь Мікалаевіч Бадак, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», нагадаў пра конкурс маладых літаратараў «Першацвет», прыём заявак да ўдзелу ў якім завершыцца 30 кастрычніка. Задачай конкурсу Алесь Бадак вызначыў адшукаць маладых таленавітых пісьменнікаў, ацаніць іх творчасць. З умовамі конкурсу можна пазнаёміцца тут.

Завяршыў выступленні намеснік галоўнага рэдактара «Маладосці» Дзмітрый Віктаравіч Шулюк, які паведаміў, што на падставе Артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі» ад 7 снежня 2009 г. № 65-З, згодна з якім маладымі грамадзянамі з’яўляюцца асобы ва ўзросце ад 14 да 31 года, для аўтараў раздзелаў «Паэзія» і «Проза» часопіса «Маладосць» з № 10 2017 года ўводзіцца ўзроставы цэнз з верхняй мяжой 35 гадоў.

 

НІА