Максім Багдановіч… Гэтае імя згадвае першым ледзь не кожны, калі называе сваіх любімых беларускіх паэтаў. Ураджэнец Мінска, ён амаль усё сваё жыццё правёў за межамі Беларусі – у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі, завяршыў зямны шлях у 25-гадовым узросце ў Ялце, выдаў толькі адзін зборнік вершаў – знакаміты «Вянок», аднак здолеў стаць адным з найбольш яркіх дзеячаў шматвяковай беларускай культуры і класікам нашай літаратуры. Яго творчасць – гэта знітаванне беларускіх нацыянальных пачаткаў і агульнаеўрапейскіх традыцый. Лірычны герой яго вершаў – надзвычай прыцягальная асоба для чытачоў, бо гэта дапытлівы і мужны чалавек, шукальнік гарманічных, прыгожых пачаткаў жыцця, сувязей з гісторыяй свайго краю і гісторыяй усяго чалавецтва, які прагне спазнаць быццё ва ўсіх яго праявах.

Максім Багдановіч – аўтар найзнакаміцейшых «Зоркі Венеры» і «Слуцкіх ткачых». Ёсць у яго творчай спадчыне і менш вядомыя, але не менш вытанчаныя зместам і формай вершы. Давайце перагорнем некаторыя старонкі паэзіі Максіма-Кніжніка і спатолім душу прыгажосцю.

 

***

Жывеш не вечна, чалавек, –

Перажыві ж у момант век!

 

Каб хвалявалася жыццё,

Каб больш разгону ў ім было,

Каб цераз край душы чуццё

Не раз, не два пайшло!

 

Жыві і цэльнасці шукай,

Аб шыраце духоўнай дбай.

 

І ў напружэнні паўнаты

Свайго шырокага жыцця

Без болю, ціха зойдзеш ты

Ў краіну забыцця.

 

***

Маладыя гады,

Маладыя жаданні!

Ні жуды, ні нуды,

Толькі шчасце кахання!

 

Помніш толькі красу,

Мілы тварык дзявочы,

Залатую касу,

Сіняватыя вочы!

 

Цёмны сад-вінаград,

Цвет бяленькі вішнёвы, —

І агністы пагляд,

І гарачыя словы!

 

Будзь жа, век малады,

Поўны светлымі днямі!

Пралятайце, гады,

Залатымі агнямі!

 

***

Учора шчасце толькі глянула нясмела, –

I развеяліся хмары змрочных дум.

Сэрца чулае і млела, і балела,

Радасць душу мне шчаміла, быццам сум.

 

Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея.

Кнігу разгарнуў – а не магу чытаць.

Як зрабілася, што пакахаў цябе я, –

Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?

 

***

Вечар на захадзе ў попеле тушыць

Кучу чырвоных кавалкаў вугля;

Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,

Не скалыхнуцца ні траўкай паля;

Цёмныя цені даўжэй у лагчыне,

Птушкі прыстаўшай марудней палёт;

Сумна плыве маладзік бледна-сіні

Ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд;

Іскрацца зорак сняжынкі маркотна,

Збожжа пакрылася шызай расой...

Кіньма жа думкі аб долі гаротнай,

Хоць бы на момант спачынем душой!

 

***

Кніга

Псалтыр, пакрытую няжорсткай, бурай кожай,

Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў,

Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай

І воску з ладанам прыемны пах пачуў.

 

Вось псальма слічная. «Як той алень шукае

Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я».

Як вее свежасцю яе краса жывая!

Як радасна далей спяшыць душа мая!

 

І бачу я ў канцы няхітрую прыпіску,

Што «кнігу гэтую раб Божы, дзяк Гапон,

Дзеля душы спісаў у месце Ваўкавыску

У рок сем тысяч сто васьмы з пачатку дзён».

 

***

Тэрцыны

Ёсць чары у забытым, старадаўным;

Прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць

Пажыць мінулым – гэткім мудрым, слаўным, –

 

Мы любім час далёкі ўспамянуць.

Мы сквапна цягнемся к старым паэтам,

Каб хоць душой у прошлым патануць.

 

Таму вярнуўся я к рандо, санетам,

І бліснуў ярка верш пануры мой:

Як месяц зіхаціць адбітым светам, –

Так вершы ззяюць даўняю красой!

 

***

Замёрзла ноччу шпаркая крыніца;

Твая пара, зімовая нуда!

Цяпер няма ўжо руху ні сляда,

I нават зверху слоем снег лажыцца.

Ды ўсё дармо, бо там, пад ім, струіцца

Магутная, жывучая вада.

Чакай! Яе йшчэ прыдзе чарада!

Здалее хваляў хор на вольны свет прабіцца.

 

Прыклаў я гэты сімвал да сябе,

Схіліўшыся ў надсільнай барацьбе,

I разгадаў прыроды роднай словы.

Як — прамаўчу, бо кожны з вас — паэт.

Рассейце ж самі лёгкі змрок прамовы,

Сваей душы туды пралліце свет!

 

***

Трыялет

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.

Ды што мне цемень вечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.

Няхай усе з мяне рагочуць,

Адповедзь вось для іх мая:

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.

 

***

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

I сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць нашае сонца,

I нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

 

Вядучая рубрыкі
Інга Пінголь