Па традыцыі ў першую нядзелю верасня ў Беларусі ладзіцца ўрачыстасць у гонар слынных асветнікаў, дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, якія заклалі падмурак беларускай адукацыі і пісьменства. Сёлета святочную эстафету ад старажытных гарадоў – цэнтраў культуры і асветы прыняў Рагачоў, што на Гомельшчыне. Менавіта тут 4 верасня адбудзецца Дзень беларускага пісьменства – 2016. Гэтае свята – увасабленне адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, пераемнасці духоўных традыцый, а таксама прэзентацыя плёну працы сучасных пісьменнікаў, журналістаў і выдаўцоў.
Традыцыйна за некалькі дзён да свята пачынаецца Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, падчас якой дзеячы культуры і навукі едуць па славутых беларускіх мясцінах, наведваюць хрысціянскія храмы, удзельнічаюць у набажэнствах, ладзяць творчыя сустрэчы ва ўстановах адукацыі, дамах культуры і бібліятэках. У нядзелю Святы Агонь сустракаюць у цэнтры святкавання і ладзяць урачысты малебен у храме. Гэты рытуал лічыцца афіцыйным пачаткам Дня беларускага пісьменства.
Праграма ўрачыстасцяў налічвае каля ста мерапрыемстваў, асноўныя з якіх прымеркаваны да Года культуры і юбілеяў слынных беларускіх пісьменнікаў – Івана Мележа, Кандрата Крапівы, Андрэя Макаёнка, Максіма Багдановіча і інш. Пройдзе таксама ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Удзельнікі і госці свята змогуць сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай і замежнай творчай інтэлігенцыі, наведаць фестываль кнігі і прэсы, літаратурнае свята і конкурс юных чытальнікаў, пазнаёміцца з разнастайнымі выставамі і прэзентацыямі, паглядзець выступленні прафесійных і аматарскіх мастацкіх калектываў Гомельшчыны.
Напярэдадні свята, 3 верасня 2016 года, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца Міжнародны круглы стол «Сугучча: Слова Скарыны ў сучасным свеце», удзел у якім прымуць пісьменнікі з 14 замежных краін.
З праграмай Дня беларускага пісьментства можна пазнаёміцца тут.
НІА