Выдатны педагог, метадыст, асветнік Канстанцін Яльніцкі (1846–1917) паходзіў з Беларусі. У 1868 годзе ён скончыў Нежынскі ліцэй і амаль адразу пачаў працаваць выкладчыкам славеснасці ў Мазырскай гімназіі.
Пасля заканчэння ў 1872 годзе вышэйшых педагагічных курсаў выкладаў педагогіку ў жаночай гімназіі г. Омска. Быў ён і выкладчыкам славеснасці ў Сібірскай ваеннай гімназіі, a ў час летніх канікулаў кіраваў педагагічнымі курсамі для настаўнікаў пачатковых школ у шэрагу губерняў Расіі, у тым ліку ў Мінскай i Магілёўскай. У 1908 годзе вярнуўся на Беларусь, выкладаў у педагагічным класе Парыцкага жаночага духоўнага вучылішча, а летам 1909 года быў кіраўніком педагагічных курсаў у Мінску.
К. Яльніцкі з’яўляецца аўтарам навуковых прац, вучэбных дапаможнікаў, падручнікаў па педагогіцы, гісторыі педагогікі, па разнастайных аспектах пачатковага навучання, методыцы выкладання рускай мовы. Яго шматлікія артыкулы публікаваліся ў спецыялізаваных расійскіх часопісах і выходзілі асобнымі выданнямі (усяго больш за 400). Асноўныя метадычныя працы вучонага прысвечаны навучанню пісьму i чытанню, а таксама пытанням педагагічнай падрыхтоўкі настаўнікаў, адукацыі жанчын, у тым ліку падрыхтоўкі ix да выкладчыцкай i педагагічнай дзейнасці. Найбольш вядомыя такія кнігі К. Яльніцкага, як «Я. А. Каменскі i яго педагагічныя ідэі» (1893), «Выхаванне i навучанне ў сям’і i школе» (1898), «Звычкі i ix значэнне ў выхаванні» (1899), «К. Д. Ушынскі» (1903), «Асновы пачатковага школьнага выхавання i навучання» (1904), «Курс дыдактыкі» (1909), «Агульная педагогіка» (1916). Працы К. Яльніцкага перавыдаваліся па некалькі разоў, а некаторыя з іх перакладзены на балгарскую мову. Яго падручнікамі шырока карысталіся ў навучальных установах Беларусі, пачынаючы з 1880-х гадоў. К. Яльніцкі таксама аўтар шэрагу цікавых кніг-успамінаў: «Сорак год настаўніцтва ў далёкай ускраіне» (1911), «З перажытага» (1912).
Педагагічная канцэпцыя Яльніцкага ў многім грунтуецца на праваслаўных каштоўнасцях. Ён адносіў рэлігію да найважнейшых сродкаў маральнага выхавання, а закон Божы лічыў неабходным прадметам школьнага курса.
Высока цаніў вучоны дасягненні рускай педагогікі і шырока прапагандаваў яе ідэі. Так, напрыклад, метадычныя рэкамендацыі К. Д. Ушынскага бачыў асноўным арыенцірам для настаўнікаў пачатковых школ. Ён падкрэсліваў, што настаўнік павінен з любоўю ставіцца да дзяцей, але не песціць ix, кіравацца ў сваёй дзейнасці веданнем i педагагічным тактам, з’яўляцца для вучняў узорам працавітасці, быць у пэўнай меры строгім, але справядлівым, не патураць капрызам дзяцей, a заўсёды праяўляць самавалоданне, і асуджаў любыя меры пакарання, якія прыніжаюць годнасць вучня.
К. Яльніцкі выказаў шэраг важных меркаванняў па пытаннях дыдактыкі, першапачатковага навучання грамаце, падрыхтоўкі народных настаўнікаў. У сваіх працах метадыст падкрэсліваў неабходнасць выхавання і самавыхавання у будучых настаўнікаў навыкаў самастойнага даследавання педагагічных праблем. Таксама ён лічыў, што народны настаўнік «павінен мець тыя станоўчыя якасці, без якіх яму немагчыма асвятляць жыццёвы шлях іншых»; што поспех настаўніка залежыць ад зацікаўленасці яго ў сваёй дзейнасці.
НІА