Адной са знакавых культурных падзей у Беларусі з’яўляецца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна, які пройдзе сёлета 10–11 чэрвеня ўжо ў шаснаццаты раз.

Арганізатары свята – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі і Белтэлерадыёкампанія – ладзяць яго дзеля прапаганды роднай мовы ды папулярызацыі беларускіх кампазітараў і паэтаў, далучэння шырокай грамадскасці да нацыянальных каштоўнасцей культуры. Традыцыйна падчас фестывалю праходзіць Нацыянальны коркурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які адкрывае новыя яркія імёны.

У 2016 годзе фестываль «Маладзечна – 2016» будзе прысвечаны памяці народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна. На ўрачыстым адкрыцці свята Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара, прадставіць праграму «Песенная спадчына Уладзіміра Мулявіна». На наступны дзень адбудзецца канцэрт Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна Маладзёжнага тэатра эстрады і паказ спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага «Пясняр». Госці фестывалю змогуць пазнаёміцца з выставай, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння слыннага кіраўніка ансамбля «Песняры».

У праграме «Маладзечна – 2016»: канцэрт акадэмічнай музыкі «Бліскучыя меласферы беларускіх майстроў» і канцэрт песні «Цудоўныя музычныя фарбы ў родных кутках Бацькаўшчыны», падрыхтаваныя творчымі калектывамі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі; пляцоўка «Арт Старт» з удзелам творчых калектываў і выканаўцаў сучасных маладзёжных накірункаў; дыскатэка «Беларускія матывы» з удзелам вядомых ды-джэяў Беларусі; паэтычная гасцёўня «Красуй, Беларусь»; выстава з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспубікі Беларусь «Вобразы мілыя роднага краю». На адкрытых пляцоўках можна будзе паглядзець канцэртную праграму творчых калектываў горада Маладзечна і Маладзечанскага раёна «Фестывальная талака» і экспазіцыю дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва народных майстроў і ўмельцаў «Фестывальная сядзіба», а таксама прыняць удзел у «Мастацкім пленэры» або ў гульнях на пляцоўцы «Свет дзяцінства».

Завяршыцца XVI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2016» канцэртам з удзелам зорак беларускай эстрады «Беларусь – крыніца натхнення».

Гасцінная Маладзечанская зямля і ўдзельнікі фестывалю запрашаюць усіх неабыякавых далучыцца да самабытнага свята беларускай песні і паэзіі.

НІА