Сімвалічна, што сёлета адзначаецца не толькі 125‑годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, але ж і 35 гадоў з дня заснавання Літаратурнага музея яго імя. Хто зможа адказаць на пытанне: многа гэта ці мала? Напэўна, істотнай тут будзе не згаданая лічба, а маштаб зробленага на ніве багдановічазнаўства.
35-годдзе ўстановы – гэта нагода пэўным чынам падсумаваць зробленае, згадаць часы сталення і росквіту. За гады руплівай працы Літаратурны музей Максіма Багдановіча стаў сапраўдным цэнтрам па зборы, захаванні, вывучэнні і папулярызацыі творчай спадчыны самага маладога генія беларускай літаратуры. Але гэтая плённая дзейнасць была б немагчымая без прыхільнікаў творчасці паэта і сяброў музея, якія не толькі наведваюць імпрэзы, вечарыны і навуковыя форумы, але дапамагаюць у зборы матэрыялаў для фондаў.
1 красавіка ў музеі адбудзецца імпрэза «Старонка лепшая ў штодзённіку жыцця…». Падчас вечарыны каштоўныя падарункі да дня нараджэння Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ўручаць Уладзімір Адамушка, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству, Мікола Трус, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДТУ, аўтар манаграфіі, прысвечанай класіку беларускай літаратуры. На мерапрыемстве выступяць Вячаслаў Рагойша, доктар філалагічных навук, адзін з самых шчодрых фондастваральнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Навум Гальпяровіч, паэт, галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё, Міхась Пазнякоў, першы дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Валянціна Бяляўская, адзін з першых галоўных захавальнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Супрацоўнікі музея шчыра запрашаюць прыняць удзел у мерапрыемстве.
НІА
па матэрыялах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча